„Нёман” працягвае пераможную серыю
Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” у чэмпіянаце Беларусі дамагліся 7-й вікторыі запар, падоўжыўшы сваю клубную рэкордную серыю.
Матч з „Іслаччу” на старце другога кругу выдаўся вельмі напружаным. Супернікі былі вартыя адзін аднаго, а гарадзенцы трымалі ў памяці матч першага туру, калі яны прайгралі ў самай канцоўцы. Падобная сітуацыя здарылася і на гэты раз, толькі цяпер фартуна ўзяла бок нёманцаў. У самай канцоўцы сустрэчы нападнік Зоран Марушыч прарваўся па правым фланце, пракінуў мяч міма авантурна выскачыўшага з штрафной галкіпера Ягора Хаткевіча і пасля закаціў мяч у браму гасцей – 1:0. Гарадзенскія заўўятары ў захапленні доўга святкавалі гэты гол. А ішла ажно 89-я хвіліна сустрэчы.
У гэты ж дзень барысаўскі БАТЭ нечакана на сваім полі саступіў „Энергетыку” – 0:1. Студэнты ўжо на 19-й хвіліне засталіся ў меншасці, а ў іх браму быў прызначаны 11-мятровы. Аднак Станіслаў Драгун пацвердзіў рэпутацыю няўдалага пенальтыста – Дзяніс Садоўскі парыраваў яго ўдар па цэнтры брамы. І ўслед шэдэўральны гол са штрафнога запісаў у свой актыў Умараў. БАТЭ, гуляючы ў бальшыні так і не здолеў уратаваць хоць бы ачко.
Такім чынам „Нёман” і „Энергетык” набралі па 29 ачкоў і ідуць зараз на другім-трэцім месцы. У БАТЭ, які наперадзе, засталося 30 пунктаў. Але ў „Нёмана” матч у запасе і гарадзенцы зараз – патэнцыйныя лідары.
Беларускае Радыё Рацыя