«Нёман» прыме «Вадуц» у Лізе канферэнцый на стадыёне ў Дзьёры



Гарадзенскі «Нёман» правядзе «хатнi» матч першага кваліфікацыйнага раунда Лігі канферэнцый супраць «Вадуца» на венгерскім стадыёне «Алькюфер» у горадзе Дзьёр. «Вадуц» – каманда са сталіцы карлікавай дзяржавы Ліхтэнштэйн, якая знаходзіцца на стыку межаў Аўстрыі і Швейцарыі. У Гародні гульні не пабачаць, з-за санкцыяў клуб вымушаны праводзіць матчы па-за межамі Беларусі. Першая гульня пройдзе 13 ліпеня ў Ліхтэнштэйне. Паядынак у адказ адбудзецца 20 ліпеня на венгерскім стадыёне ў Дзьёры.

«Арсенал» і «Чэлсі» дасягнулі дамоўленасці па трансферу Хаверца за 75 мільёнаў еўра

На гэтым тыдні «Арсенал» аб’явіць пра пераход нападніка «Чэлсі» Кая Хаверца. Немец падпіша з «кананірамі» 5-гадовы кантракт. Кошт трансферу складзе 75 мільёнаў еўра з улікам магчымых бонусаў.

Адзначаецца, што галоўную ролю ў падпісанні гульца адыграла асабістая зацікаўленасць галоўнага трэнера «Арсенала» Мікеля Артэты. На гэтым тыдні Хаверц павінен прайсці медагляд. «Чэлсі» набыў немца ў верасні 2020 года за 80 мільёнаў еўра. У мінулым сезоне ён правёў 47 матчаў, у якіх вызначыўся 9 галамі і 1 асістам.

«Собаль» з Бярозы стаў новым фарм-клубам «Брэста»

Хакейны клуб «Собаль» стаў новым фарм-клубам «Брэста». Паміж клубамі заключана дамова пра супрацоўніцтва тэрмінам на тры гады. У мінулым сезоне «Собаль» заняў пяты радок у рэгулярным чэмпіянаце вышэйшай лігі (37 перамог у 52 гульнях). У плэй-оф каманда дайшла да чвэрцьфіналу.

Беларуская гандбалістка блізкая да афармлення расейскага грамадзянства

Беларуская гандбалістка Дар’я Аўдошка расказала аб тым, што блізкая да афармлення расейскага грамадзянства. Беларуска ў 17 гадоў з’ехала ў Іжэўск, дзе вучылася і выступала за мясцовы «Універсітэт». У мінулым розыгрышы чэмпіянату Расеі 22-гадовая гандбалістка закінула 167 мячоў у 34 матчах у складзе каманды з Іжэўска. На дадзены момант Аўдошка з’яўляецца гандбалісткай «Зоркі» – бронзавага прызёра чэмпіянату Расеі.

Прарэжымны падпісант Рутэнкa ўвайшоў у створаную Залу славы ЕГФ

Прарэжымны падпісант ліста спартоўцаў Сяргей Рутэнка ўвайшоў у створаную Залу славы ЕГФ. Усяго ў яго ўвайшлі 60 гандбалістаў. Рутэнка з’яўляецца 6-разовым пераможцам Лігі чэмпіёнаў. Цяпер экс-гандбаліст узначальвае федэрацыю тэніса Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя