„Нёман” абыграў „Магілёў” у матчы чэмпіянату Беларусі



Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” адолелі „Магілёў” у матчы чэмпіянату Беларусі. Першую гульню пад кіраўніцтвам новага настаўніка Андрэя Сідарэнкі гарадзенцы завяршылі з лікам 6:2. Гарадзенскія хакеісты забяспечылі сабе перавагу ўжо ў першым перыядзе, пасля ўзяцця брамкі Артурам Буйніцкім і Ігарам Варывончыкам. Магілёўцы не здаліся і змаглі выраўняць сітуацыю ў другім перыядзе. Шайбы для „львоў” закінулі Віктар Андрушчанка і Арцём Васько. Зрэшты, нічыйны лік трымаўся нядоўга. „Нёман” ўзмацніў ціск, абарона магілёўцаў пачала даваць збоі, і Ігар Варывончык зноў вывеў сваю каманду наперад. У заключнай трэці матчу гарадзенцы закінулі намаганнямі Арцёма Ляўшы, Артура Дрындрожыка і Аляксея Фурсы ды умацавалі перавагу.

У астатніх сустрэчах гульнявога дня „Юнацтва” разабралася з „Гомелем” – 5:1, салігорскі „Шахцёр” разграміў „Металург-Жлобін” – 6:0, а „Дынама-Маладзечна” выйграла ў аршанскага „Лакаматыва” — 4:3.

Настаўнік „Нёмана” Кавалевіч і спортдырэктар клуба Кавалёнак дыскваліфікаваныя на два матчы

Галоўны трэнер „Нёмана” Ігар Кавалевіч дыскваліфікаваны на два матчы і аштрафаваны на 1350 рублёў. Такое рашэння прыняў КДК БФФ.

Кавалевіч пакараны па выніках матчаў з „Рухам” і „Славіяй” за „абразлівыя паводзіны футбаліста ці афіцыйнай асобы клуба ў дачыненні да афіцыйных асобаў матча” і „іншыя парушэнні”.

Таксама дыскваліфікаваны на дзве гульні і аштрафаваны на 810 рублёў спартовы дырэктар „Нёмана” Дзмітрый Кавалёнак, паведамляе прэс-служба БФФ.

Футбалісты маскоўскага ЦСКА другі раз згулялі ўнічыю ў Лізе Еўропы

Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі на сваёй арэне згулялі ўнічыю 0:0 з харвацкім „Дынама” з Заграба ў другім туры групавога этапу Лігі Еўропы. У гэтай гульні невялікая перавага была на баку масквічоў, але ўсе іх атакі плёну не далі. У другім матчы папярэдняй групы K футбалісты нідэрландскага „Феенорда” нечакана прайгралі аўстрыйскаму „Вольфсбергу” з буйным лікам 1:4.

У квартэце G ўкраінская „Зара” з Луганска прайграла партугальскай „Бразе” 1:2. Грэцкі АЕК у Афінах саступіў з такім жа лікам англійскаму „Лестэру”. Італьянскі „Мілан”, які выступае ў групе Н, разграміў у сябе дома чэшскую „Спарту” з Прагі – 3:0, а французскі „Ліль” на сваім полі згуляў унічыю з шатландскім „Селтыкам” з Глазга – 2:2.

У групе I іспанскі „Вільярэал” перамог на выездзе футбалістаў азербайджанскага „Карабаха” – 3:1, а ізраільскі „Макабі” з Тэль-Авіва таксама ў гасцях узяў верх над турэцкім клубам „Сіваспор” – 2:1.

У квартэце J бельгійскі „Антвэрпэн” адолеў на сваёй арэне англійскі „Тотэнхэм” 1:0. У групе L абодва паядынкі завяршыліся буйнымі перамогамі. Нямецкі „Хофенхайм” разграміў у гасцях бельгійскі „Гент” з лікам 4:1, а сербская „Црвена Звезда” у Бялградзе была мацней за чэшскі „Слован” — 5:1. „Напалі” перамог на чужым полі „Рэал Сасьедад” 1:0.

„Кельце” згуляўшы ў гасцях унічыю з „Порту” ў гандбольнай Лізе чэмпіёнаў

Прайшоў паядынак каманд групы „А” Лігі чэмпіёнаў па гандболе. „Порту” прымаў „Кельцэ”. Супернікі згулялі ўнічыю — 32:32. У гасцей беларус Арцём Каралёк зрабіў 3 выніковыя кідкі, паведамляе „Хуткі цэнтр”.

Кельцэ з 9 ачкамі працягвае лідыраваць ў групе, «Мяшкоў Брэст» мае 6 ачкоў, 4 месца і адну гульню ў запасе.

Беларускае Радыё Рацыя