„Нёман” заняў 3-е месца ў фінальным турніры Кантынентальнага кубка



Гарадзенскі „Нёман” заняў трэцяе месца ў фінальным турніры Кантынентальнага кубка IIHF. Галоўны прыз дастаўся дацкаму „Сендэруске”.

Скандынаўскі клуб, які раней абыграў „Нёман”, забяспечыў сабе ганаровы трафей пасля таго, як  перамог польскую „Кракавовію” з лікам 3:1. Падначаленым Сяргея Пушкова нічога не заставалася, як у заключным матчы турніру аспрэчваць другое-трэцяе месцы з брытанскім „Нотынгемам”. Гарадзенцы вялі пасля першага перыяду з лікам 2:0. Шайбы ў брамку супернікаў закінулі Арцём Кіслы і Раман Маліноўскі. Аднак утрымаць перавагу гульцы „Нёмана” не змаглі.

У другім перыядзе Джэйк Хансэн скараціў адставанне ў ліку. Арцём Кіслы аднавіў розніцу ў дзве шайбы. Зрэшты, для перамогі гэтага апынулася мала. У заключнай трэці матчу Раян Хорват, Самуэль Хер і Георгс Галоўкаўс вывелі „Нотынгем” наперад. Фінальная сірэна зафіксавала лік 4:3 на карысць брытанцаў.

Менскае «Дынама» на сваім лёдзе прайграла «Спартаку»

Чарговую паразу пацярпела менскае «Дынама» ў рэгулярным сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. На лёдзе «Мінск-Арэны» «зубры» прайгралі маскоўскаму «Спартаку» – 1:5. Адзіную шайбу ў «Дынама» пры ліку 0:4 закінуў Раян Спунэр. На гэты матч гульцы «Дынама» выйшлі з адмысловымі нашыўкамі на джэрсі ў гонар дзесяцігоддзя з дня першай гульні «зуброў» на «Мінск-Арэне». Таксама пад скляпенні «Мінск-Арэны» быў узняты мемарыяльны швэдар Уладзіміра Цыплакова – былога хакеіста менскага «Дынама» і зборнай Беларусі. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі яго брат Аляксандр і блізкі сябар, экс-гулец зборнай і «Дынама» Алег Антоненка. Уладзімір Цыплакоў пайшоў з жыцця 14 снежня ва ўзросце 50 гадоў.

«Цмокі» святкавалі першую хатнюю перамогу ў гэтым сезоне Адзінай лігі ВТБ

„Цмокі-Мінск» правялі чарговы матч рэгулярнага сезону Адзінай лігі ВТБ. На сталічнай Falcon Club Arena «цмокі» прымалі саратаўскі «Аўтадор» і  перамаглі – 88:80. Самым выніковым у гаспадароў быў Бранка Міркавіч, які набраў 16 ачкоў. Гэта трэцяя перамога «Цмокаў» у бягучым сезоне і першая хатняя. Пасля 13 матчаў «Цмокі-Мінск» па-ранейшаму займаюць апошняе 13-е месца ў турнірнай табліцы. Лідыруюць «Хімкі», якія ў 13 матчах пацярпелі ўсяго адну паразу. 18 студзеня „Цмокі» на выездзе згуляюць супраць «Лакаматыва-Кубані», які займае трэцяе месца.

Жаночая зборная Беларусі выйграла бронзавыя медалі Чэмпіяната Еўропы па канькабежным спорце

Жаночая зборная Беларусі выйграла бронзавыя медалі ў каманднай гонцы пераследу на чэмпіянаце Еўропы па канькабежным спорце, які завяршыўся ў Херэнвене. Таццяна Міхайлава, Марына Зуева, Яўгенія Вераб’ёва і Ганна Ніфантава паказалі вынік 3 хвіліны 5,47 секунды. Перамаглі нідэрландкі, срэбра ў расіянак. У аналагічнай праграме ў мужчын беларусы Віталь Міхайлаў, Ігнат Галавацюк і Ягор Дамарацкі занялі 5-е месца.

Мякярайнен і Фуркад выйгралі мас-старты

Фінская біятланістка Кайса Мякярайнен стала пераможцай гонкі з агульнага старту на этапе Кубка свету ў нямецкім Оберхофе. Пры складаных ветравых умовах на стрэльбішчы Мякярайнен на чатырох агнявых рубяжах дапусціла ўсяго адзін промах. Перамога для фінскай біятланісткі стала 27-й у асабістых гонках ўуКубку свету і першай у гэтым сезоне. Адзіная беларуская біятланістка Ірына Крыўко выдатна правяла тры чвэрці дыстанцыі, да чацвёртай стральбы падышоўшы без промахаў  усяго ў некалькіх секундах за Мякярайнен. Але заключная стральба не ўдалася – 4 промахі і як вынік 6-е месца. Мужчынскі мас-старт выйграў француз Мартэн Фуркад. Беларускі біятланіст Раман Елетнаў зарабіў чатыры штрафныя кругі  і заняў 18-е месца.

КамАЗ павялічыў перавагу над МАЗамі пасля сёмага этапу «Дакара»

Экіпаж Сяргея Вязовіча беларускай каманды «МАЗ-СПОРТаўта» заняў пятае месца на сёмым этапе ралі-рэйду „Дакар», але адставанне ад лідараў павялічылася. Пераможцам заезду зноў стаў расеец Андрэй Каргінаў з каманды «КамАЗ-майстар». У агульным заліку экіпаж Вязовіча па-ранейшаму ідзе трэцім, але адставанне ад лідара вырасла да 46 хвілін.

„Рэал” перамог у серыі пенальці „Атлетыка” і выйграў Суперкубак Іспаніі

Мадрыдскі „Рэал” адолеў суседзяў па горадзе з „Атлетыка” ў фінале Суперкубка Іспаніі – 0:0 (пен. – 4: 1). Матч прайшоў у Саудаўскай Аравіі. На 115-й хвіліне чырвоную картку атрымаў паўабаронца „Рэала” Федэрыка Вальвердэ. Каманды так і не здолелі змяніць на табло стартавыя нулі, таму зыход паядынку вырашыўся ў серыі адзінаццаціметровых удараў. „Сметанковыя” заваявалі трафей 11-ы раз.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vk.com/hcneman