Пачалася кампанія байкоту ЧС па хакеі



Пачалася кампанія байкоту Чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў Беларусі. Пра гэта на адмысловай прэс-канферэнцыі аб’явіў Беларускі фонд спартовай салідарнасці, якім кіруе трохразовая алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя, якая знаходзіцца за мяжой.

Старшыня міжнароднага аддзялення фонду Анатоль Котаў адзначыў, што Беларусі ў тым ліку будзе нявыгадна праводзіць чэмпіянат свету ў Менску з-за бягучай палітычнай сітуацыяй і распаўсюдам каронавіруса:

– Чэмпіянат па хакею павінны дарыць радасць заўзятарам, прыносіць фінансавы вынік усім, хто прымае ўдзел у іх арганізацыі. Чэмпіянат свету ў Беларусі ў 2021 годзе абсалютна не адпавядае. Гэта ўдар па рэпутацыі, краіна прыняла беспрэцэдэнтнае рашэнне закрыцца знутры на выезд для сваіх жа ўласных грамадзянаў. Наўрад ці можам увогуле казаць цяпер пра нейкіх заўзятараў, якія рызыкнуць прыехаць і адчуваць сябе ў бяспецы не ў эпідэміялагічнай, не ў бяспецы проста на вуліцах горада Менска.

У афіцыйнай заяве Беларускага фонду спартовай салідарнасці адзначаецца, што Міжнародная федэрацыя хакею на чале з Рэнэ Фазэлем мае намер правесці Чэмпіянат свету ў Менску, а гэта супярэчыць апошнім рэкамендацыям Міжнароднага алімпійскага камітэту. Беларускі фонд спартовай салідарнасці патрабуе ад Міжнароднай федэрацыі хакею скасаваць менскую частку хакейнага чэмпіянату, які плануецца правесці сумесна з Латвіяй.

Беларускае Радыё Рацыя