Пачаўся адбор да Еўра-2016
Завяршыліся першыя матчы кваліфікацыі футбольнага Еўра-2016. Польская дружына на выездзе разграміла дэбютанта адбору – зборную Гібралтара з лікам 7:0. Покер зрабіў Роберт Левандоўскі, дубль у актыве Каміла Грасіцкага, яшчэ адзін мяч забіў Лукаш Шукала. Нямецкія футбалісты ў Дортмундзе выйгралі з лікам 2:1 у шатлянцаў, дзякуючы дублю Томаса Мюлера. Партугальцы сенсацыйна прайгралі зборнай Албаніі – 0:1. Зборная Грэцыі на сваім полі прайграла Румыніі. Адзіны мяч у гульні забіў Чыпрыан Марыка, які затым атрымаў і чырвоную картку. Зборная Грузіі на сваім полі саступіла ірляндцам 1:2. Данія перамагла каманду Арменіі 2:1. Вугоршчына прайграла Паўночнай Ірляндыі 1:2. Зборная Фінляндыі засмуціла нацыянальную каманду Фарэрскіх астравоў – 3:1. Паўабаронца футбольнай зборнай Беларусі Ян Цігараў не зможа згуляць у першым адборавым матчы Еўра-2016 у гасцях у каманды Люксембурга. Як высветлілася, пашкоджанне Цігарава ў нядаўняй таварыскай сустрэчы з камандай Таджыкістана было даволі сур’ёзным, таму футбаліст маскоўскага „Лакаматыва” застаўся па-за заяўкай нацыянальнай зборнай. Раней стала вядома, што не зможа згуляць прадстаўнік гарадзенскага „Нёмана” Павел Савіцкі, які таксама мае праблемы са здароўем. Паўабаронца зборнай Беларусі і барысаўскага БАТЭ Міхаіл Гардзяйчук траўмаваўся на трэніроўцы зборнай і не згуляе з Люксембургам. Тым часам, як стала вядома, у заяўцы зборнай Люксембурга на матч з Беларуссю толькі 9 прафесійных гульцоў, якія выступаюць за клубы прафесійных ліг іншых краін. Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя