Шчэцінская „Пагоня” абыграла „Ягелонію” у Беластоку



Лідар польскай экстракласы „Пагоня” Шчэцін абыграла ў Беластоку „Ягелонію”.

Першымі лік адкрылі гаспадары поля, калі на 41-й хвіліне вызначыўся іспанскі легіянер „Ягі” Хуан Камара. Але ў другім тайме малюнак гульні цалкам змяніўся і госці змаглі забіць за няпоўныя 30 хвілін адразу тры галы.

Каманда Ірэніўша Мамрота спрабавала ў даданы час гульні вырваць нічыю, але суддзя спярша не залічыў гол Якуба Вайціцкага, ўгледзеўшы становішча па-за гульнёй, а потым доўга вызначаўся з голам Хесуса Імаза, праўда ў выніку зафіксаваў канчатковы лік 2:3 на карысць „Пагоні”. Каментуе трэнер „Ягі” Ірэніўш Мамрот:

– Шмат гэтых кантраверсій не бачыў, не хачу ацэньваць ці былі гэтыя афсайды ці не былі. Шкада, што першы гол не быў прызнаны, было б больш часу, каб згуляць у нічыю напрыканцы сустрэчы. Мы стварылі шмат небяспечных сітуацый, але не былі выніковымі з-за чаго згубілі тры пункты. 

„Пагоня” упершыню за апошнія 6-ць гадоў змагла абыграць „Ягелонію” у Беластоку, таму трэнер гасцей Коста Руньяіч быў вельмі задаволены:

– Мы добра стартавалі, пасля была няўдача ў матчы. У другой палове можна было спадзявацца ўсяго акрамя перамогі. Мы вельмі ганарымся і цешымся гэтай перамогай. У першай палове нам было цяжка гуляць, але ў нас атрымалася змяніць лёс матчу. Гэта быў цудоўны тыдзень для нас.

Каманда Ірэніўша Мамрота цяпер займае 6-е месца ў турнірнай табліцы і наступны матч правядзе на выездзе з вроцлаўскім „Шлёнскам”.

Беларускае Радыё Рацыя