Памёр былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па боксе Анатоль Грышук



На 82-м годзе жыцця памёр вядомы спецыяліст, суддзя, экс-галоўны трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па боксе Анатоль Грышук. За плячыма ў Анатоля Уладзіміравіча паспяховая кар’ера суддзі па спорце, якую ён пачаў з працы на ўсесаюзным узроўні і завяршыў у рангу аўтарытэтнага арбітра міжнароднага класа. Аднак найбольшага поспеху спецыяліст дамогся на трэнерскім шляху. Менавіта пад кіраўніцтвам Анатоля Грышука нацыянальная каманда Беларусі дамаглася найбольшага поспеху ў сваёй суверэннай гісторыі. На Гульнях-2004 у Афінах сіламі Магамеда Арыпгаджыева і Віктара Зуева былі выйграны два срэбры. На камандным Кубку свету-2005 беларускія майстры скураной пальчаткі сталі адной з сенсацый турніру, перамогшы гаспадароў – дружыну ЗША. Годна выступалі беларусы пад яго кіраўніцтвам і на розных міжнародных турнірах, уключаючы чэмпіянаты свету і Еўропы.

Хакеісты сталічнага „Юнацтва” абыгралі „Гомель” у матчы чэмпіянату Беларусі

Матч завяршыўся на карысць падапечных Аляксандра Макрыцкага з лікам 3:1. Менчане зрабілі стаўку на контратакі і на восьмай хвіліне матчу Вадзім Шчэчын адгукнуўся на перадачу Мікіты Сіроціна і адкрыў лік.

Гамяльчане зраўнялі намаганнямі Германа Несцерава на 10-й хвіліне. Тым не менш менчукі змаглі знайсці ў сабе сілы і вызначыліся ў другі раз. Шайбу на 16-й хвіліне стартавага перыяду закінуў Кірыл Цюцяеў. На 6-й хвіліне другога перыяду Станіслаў Лопачук умацаваў лідарства сталічнай дружыны, даслаўшы трэцюю шайбу ў брамку „рысяў”. Фінальны штурм гамяльчан сітуацыю не змяніў. Што тычыцца астатніх матчаў, то салігорскі „Шахцёр” перайграў „Металург-Жлобін” – 5:4, „Дынама-Маладзечна” выйграла ў „Магілёва” – 3:0, а гарадзенскі „Нёман” у серыі булітаў перамог аршанскі „Лакаматыў” — 3:2.

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі „Салавату Юлаеву” ў матчы чэмпіянату КХЛ

Гульня ў сталіцы Башкартастана завяршылася не на карысць падначаленых Крэйга Вудкрафта 3:8. Першы перыяд прайшоў у роўнай барацьбе, а ў пачатку другога «зуброў» вывеў наперад Раман Гарбуноў. Пасля гэтага «Салават Юлаеў» сур’ёзна дадаў і скарыстаўся падвойнай большасцю. Спачатку вызначыўся Сакар’я Манінэн, а затым Джэф Плат.

Яшчэ да перапынку перавагу павялічыў Маркус Гранлунд, а на старце трэцяга перыяду ўфімцы тройчы на працягу двух хвілін засмуцілі брамніка «зуброў» Дэні Тэйлара. Закідвалі Міхаіл Навуменка, Сакар’я Манінэн і Арцём Піменаў. Брэндон Казун і Уладзімір Алістраў адыгралі пару шайбаў, але ў канцоўцы матчу Уладзімір Жаркоў і Эдуард Гіматаў зноў павялічылі перавагу гаспадароў да пяці шайбаў.

„Манчэстар Сіці” разграміў „Арсенал” і выйшаў у паўфінал Кубка англійскай лігі

У матчы 1/4 фіналу „гараджане” разграмілі лонданскі „Арсенал” — 4:1 дзякуючы галам Габрыэля Жэсуса, Марэза, Фодэна і Ляпорта. Яшчэ адным паўфіналістам стаў „Брэнтфард” з другога дывізіёна, які перамог «Ньюкасл» – 1:0.  

У матчы 15-га тура чэмпіянату Іспаніі «Вальядалід» саступіў каталонскай «Барселоне» 0:3.  Галамі адзначыліся Лангле, Брэйсувэйт і Месі, які  стаў аўтарам 644 забітага мяча за «Барселону» ў кар’еры, перасягнуўшы дасягненне легендарнага Пеле. «Барселона», набраўшы 24 ачкі ў 14 турах, паднялася на 5-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Іспаніі.  „Атлетыка” нанёс паразу „Рэалу Сасьедад” 2:0, „Севілья” адолела „Валенсію” з лікам 1:0.  „Ювентус” буйна прайграў „Фіярэнцінн” у хатнім матчы 14-га тура чэмпіянату Італіі – 0:3. „Старая сіньёра” пацярпела першую паразу ў сезоне.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя