Памёр Уладзімір Цыплакоў



У 50-гадовым узросце памёр Уладзімір Цыплакоў, адзін з найлепшых хакеістаў у гісторыі Беларусі.

Спартовец нарадзіўся ў Расеі, у горадзе Інта, што ў Рэспубліцы Комі, а ў Беларусь патрапіў толькі ў 1987 годзе, калі перайшоў у менскае «Дынама». Пасля развалу СССР Цыплакову прапанавалі беларускае грамадзянства і магчымасць гуляць за зборную. У складзе зборнай Беларусі гуляў на 6 чэмпіянатах свету і дзвюх Алімпіядах, быў найлепшым нападнікам. На гэтых турнірах Цыплакоў правёў 46 матчаў, у якіх набраў 48 балаў.

У сярэдзіне 1990-ых Цыплакоў накіраваўся ў ЗША, дзе ўвайшоў у склад «Лос-Анджэлес Кінгз», а пасля ў «Бафала». Цыплакоў быў першым беларусам, які замацаваўся ў НХЛ. Праз год пасля яго загуляў Руслан Салей, у 2000-я з’явіліся Міхал Грабоўскі і браты Касціцыны. Цяпер у наймацнейшым хакейным чэмпіянаце свету няма ніводнага беларуса.

Апошнія гады жыцця Цыплакоў працаваў трэнерам – у менскім «Дынама», омскім «Авангардзе», чалябінскім «Трактары» ды некаторых іншых клубах, таксама ўзначальваў зборную Беларусі. Апошнім месцам трэнерскай працы быў салігорскі «Шахцёр».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Buffalo Sabres