Паралімпіец Дзмітрый Рышкевіч загінуў у Аўстрыі



Гэта адбылося на афіцыйнай трэніроўцы падчас падрыхтоўкі да Паралімпійскага чэмпіяната свету па акадэмічным веславанні. Абставіны гібелі 33-гадовага спартоўца-вазочніка з Ліды высвятляе аўстрыйская паліцыя. Дзмітрый Рышкевіч – майстар спорту Беларусі па акадэмічным веславанні. У 2003 годзе ён трапіў у аўтамабільную аварыю і цудам застаўся жывы. Пасля гэтага перанёс каля дваццаці аперацый і ўсё ж вярнуўся ў спорт, зараз ужо паралімпійскі. Неаднаразова станавіўся чэмпіёнам і прызёрам міжнародных спаборніцтваў па акадэмічным веславанні на трэнажорах „Канцэпт”.

Вольга Гаварцова не змагла прабіцца ў асноўную сетку адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе

У паядынку другога раўнда кваліфікацыі беларуска саступіла кітайскай тэнісістцы Ван Сіню – 2:6, 2:6. На старце кваліфікацыі US Open Вольга Гаварцова перамагла францужанку Джэсіку Паншэ – 6:2, 2:6, 6:2. Аляксандра Сасновіч завяршылы выступы на турніры NYJTL Bronx Open ў Нью-Ёрку. У паядынку другога раўнда адзіночнага разраду беларуска саступіла польскай тэнісістцы Магдзе Лінэт – 1:6, 4:6. Акрамя таго, у першым раўндзе парнага разраду Аляксандра Сасновіч і чэшка Вікторыя Кужмава прайгралі тандэму з кітайскага Тайбэя Чань Хао-Чын / Лаціша Чан – 1:6, 0:6.

Беларускія тэнісісткі згуляюць з Нідэрландамі

У Лондане адбылося лёсаванне кваліфікацыйнага раўнда тэніснага Кубка Федэрацыі новага сезона. З наступнага года фармат правядзення гэтага турніру зменіцца. Дзякуючы размяшчэнню на пятым радку сусветнага рэйтынгу зборная Беларусі трапіла ў лік сеяных каманд разам са зборнымі ЗША, Румыніі, Нямеччыны, Іспаніі, Швейцарыі, Бельгіі і Вялікабрытаніі. Тэнісісткі зборнай Беларусі 7-8 лютага наступнага года згуляюць у гасцях з камандай Нідэрландаў.

БАТЭ згуляе першы матч супраць «Астаны»

Футбалісты БАТЭ правялі трэніроўку ў Нур-султане перад матчам раўнда плэй-оф Лігі Еўропы супраць „Астаны”. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера барысаўчан Аляксея Багі да выязной гульні плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы рыхтуецца 21 футбаліст. Першы паядынак за выхад у групавы этап Лігі Еўропы паміж чэмпіёнамі Беларусі і Казахстана пачнецца сёння ў 17.00 (па менскім часе) і будзе паказаны ў прамым эфіры тэлеканала „Беларусь 5”. Сустрэча ў адказ адбудзецца 29 жніўня на полі „Барысаў-Арэны”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя