Параза „Ягелоніі”
Беластоцкай “Ягелоніі” на сваім полі не ўдалося перамагчы кракаўскую “Віслу”. Нядзельны матч завершыўся паразай 0:1, але шанец на змаганне за тытул чэмпіёна Польшчы яшчэ застаецца. Гол на 83-й хвіліне забіў абаронца “Віслы” Зоран Арсеніч. На 58-й хвіліне нападнік “Ягелоніі” Роман Без’як не рэалізаваў 11-метровы. Гаворыць капітан “жоўта-чырвоных” Тарас Раманчук, які атрымаў жоўтую картку і не зможа выступіць у чарговым матчы.
– Як можна быць задаволеным з таго, што мы прайграем, што я атрымліваю гэтую жоўтую картку з-за нічога. Але я думаю, што шанцы ёсць: у нас засталося 4 матчы. Калі выйграць усе чатыры – станеш чэмпіёнам.
“Ягелоніі” ў матчы з “Віслай” не хапіла фінальнага стрэлу. Беластачане нанеслі 23 удары па браме “Віслы”, а госці білі амаль у 3 разы менш. Зараз “Ягелонія” на трэцім месцы. Праз тыдзень сустрэча з варшаўскай “Легіяй”, што ўзначальвае табліцу. Паядынак адбудзецца ў нядзелю ў Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота: Artur Reszko /PAP