Партугалія – новы футбольны чэмпіён Еўропы!
Зборная Францыі пасля паўфінальнай баталіі захавала ўсе асноўныя штыкі і таму ня дзіва, што Дзідзье Дэшам выпусціў такую ж стартавую абойму. У стане партугальцаў адбыліся дзве замены пачатковага складу – Пепе, які аднавіўся пасля траўмы, лагічна замяніў Бруну Алвеша, а адбыўшы дыскваліфікацыю Вільям Карвалью выйшаў замест Данілу Перэйры. Першымі вылазку здзейснілі пірэнейцы, аднак Нані стрэліў вышэй. Трохкаляровыя адказалі выпадам Грызмана. А ўслед адбыўся магчыма ключавы эпізод матча: Дзімітры Пает “заехаў” у калена Крышціяну Раналду, а суддзя Марк Клатэнбург нават не адрэагаваў жоўтай карткай. Забягаючы наперад скажам, што партугальскі абаронец Седрык Суарэш у канцы тайму локцем паспрабаваў разлічыцца з Паетам, а ў другой палове Дэшам замяніў свайго разбойнага форварда.
Раналду некалькі разоў звяртаўся да лекараў, перабінтоўваўся, але ўрэшце на 24-й хвіліне папрасіў замену. Відавочна ён мог і сам пакінуць поле, але захацеў, каб яго вынеслі на насілках. Як бы хто не ставіўся да Крышціяну Раналду – але дзейства без яго істотна збядніла сюжэт фіналу. Замест капітана выйшаў на поле арыгінал Рыкарда Кварэшма, а ўся дружына Партугаліі атрымала цудоўную магчымасць даказаць усім, што яна каманда і без Раналду. У гэты дзень геройстваваў на браме “чырвона-зялёных” Руі Патрысіу. У першай палове ён перавёў мяч праз папярэчыну пасля эфектнай падрэзкі галавой Антуана Грызмана, а таксама адбіў некалькі магутных стрэлаў фактурнага Мусы Сісако. Самы партугальцы дзеілі пераважна на контратаках, галоўным арганізатарам якіх быў Нані, ўзяўшы на сябе лідарскія функцыі.
Замены ў другім тайме былі пакліканы ўзмацніць атаку. Выйшаўшы ў французаў Кінгслі Каман зрабіў некалькі бурлівых рэйдаў, але так жа хутка і згас. Адну з навесных перадач Комана не пераплавіў галавой у гол Грызман, якому, бадай, не шанцавала ў завяршэнні. На замену выматанага Аліўе Жыру выйшаў іншы форвард-таран – Андрэ-П’ер Жыньяк.
Фернанду Сантуш з іншага капітанскага мосціка рухаў свае фішкі, выпусціўшы спярша дасведчанага ветэрана Муцінью, а пасля маладога Эдэра, які дарэчы выступае за французскі “Ліль”.
На 92-й хвіліне асноўнага часу Жыньяк мог замаўляць каньяк, шампанскае і ўсе астатнія напоі, але фартуна здзекліва ад яго адвярнулася. Форвард фінтом пасадзіў на зямлю Пепе і біў з брамніцкай ужо ў пустую рамку, але трапіў у штангу. А Грызман так ад гэтага разгубіўся, што ня змог дабіць мяч. Відаць, гэта сапраўды быў знак звыш.
У дадатковыя таймы гульня глядзелася больш вабна. Супернікі па чарзе абменьваліся ўколамі. На 104-й хвіліне Эдэр біў галавой – Францыю ўратаваў Льёрыс. Гэта быў толькі першы званочак для гаспадароў турніра. Другі звінеў разам з папярэчынай брамы пасля выканання штрафнога Рафаэла Герэйры. А на 109-й Эдэр адважыўся на далёкі стрэл і злавіў птушку ўдачы, а разам з ёй месца навекі ў футбольным летапісе. Яго ўдар Льёрыс парыраваць не здолеў. 1:0 на карысць Партугаліі!
Зборная Францыі праляцела над Парыжам нібы тыя шматлікія матылі над “Стад дэ франс”, калі патушылі агні стадыёна. Хатняга чэмпіёнскага хет-трыку не здарылася. Аліўе Жыру ня будзе маляваць бараду ў колеры нацыянальнага сцяга, як ён абяцаў перад турнірам у разе чэмпіёнства. Францыя 41 год не прайгравала свайму суперніку і вось саступіла ў вырашальным паядынку Еўра. Партугальцы рэагавалі на сваё шчасце па-рознаму: Раналду традыцыйна загаліў торс, сівавалосы Фернанду Сантуш плакаў, Пепе ванітавала ад знясіленасці. А наперадзе была цырымонія ўзнагароджання.
Партугалія – новы чэмпіён Старога Свету! Адна з сама стабільных каманд Еўропы на топ-турнірах бадай што заслужыла гэты тытул і па „суме дасягненняў”. Запаветны кубак пераможцаў, які перад матчам перадаў іспанец Хаві, усё ж застаецца на Пірэнеях.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя