Паспяховы для беларусаў Цюрых
У заключны дзень чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў Цюрыху блізкія да медалёў былі дзве беларускія спартоўкі, якія занялі 4-ія месцы. У штурханні ядра 30-гадовая Юлія Леанцюк ў лепшай сваёй спробе паказала вынік 18,68 м і на 36 см адстала ад бронзавай медалісткі Аніты Мартан з Вугоршчыны, якая ўсталявала нацыянальны рэкорд сваёй краіны – 19,04 м. Золата заваявала немка Крысціна Шваніц – 19,90 м, срэбра дасталося расіянцы Яўгеніі Калодцы – 19,39 – гэта яе лепшы асабісты вынік у сезоне. У фінал прабіліся яшчэ дзве беларускія штурхальніцы ядра. 24-гадовая Алена Дубіцкая заняла 7-е месца, 26-гадовая Алена Копец паказала 9-ы вынік. У бегу на 3000 м з перашкодамі 27-гадовая Святлана Кудзеліч, якая была пераможцай у паўфінальным забегу, ня здолела ўвайсці ў прызавую тройку ў фінале, хоць і скінула амаль 2 секунды з асабістага рэкорду. У вырашальным забегу беларуска лідзіравала пасля 1000 м, трымалася сярод лідэраў і на пакінутай частцы дыстанцыі, аднак крыху адпусціла суперніц наперад пасля пераадолення ямы з вадой на апошнім крузе. У выніку, нягледзячы на ўсе намаганні на фінішнай прамой, Кудзеліч не змагла дацягнуцца да бронзы, з асабістым рэкордам 9 хвілін 30,99 фінішаваўшы чацвёртай. Лепшай была немка Анцье Мольнэр-Шміт якая паказала лепшы асабісты вынік у сезоне 9 хвілін 29,43 секунды. Беларускія атлеты завяршылі выступы на чэмпіянаце Еўропы з двума залатымі медалямі. Андрэй Краўчанка выйграў спаборніцтвы дзесяціборцаў, а Марына Арзамасава стала лепшай у бегу на 800 м. У медальным заліку Беларусь з 2 залатымі ўзнагародамі размясцілася на 10-м радку. Першай стала зборная Вялікабрытаніі з 12 залатымі медалямі. Агулам у яе 23 узнагароды (яшчэ 5 сярэбраных і 6 бронзавых). Другое месца ў Францыі – разам 23 (9+8+6). Трэцяй стала Германія – 8 (4+1+3). Беларусь заняла 10-е месца. Беларускае Радыё Рацыя