Няўдалыя выходныя беларускіх легіянераў
Беларускія футбалісты, якія выступаюць у Еўропе, па-ранейшаму не трапляюць у асноўныя склады сваіх каманд. У гэтыя выходныя з дзевяці беларусаў толькі адзін выйшаў у асноўным складзе свайго клуба. У футбольным першынстве Польшчы адбыўся чаканы дэбют Паўла Савіцкага. Атакуючы хаўбек выйшаў на поле на 66-й хвіліне гульні. Да таго моманту беластоцкая „Ягелонія” на сваім полі саступала 0:2 „Кароне” з Кельцэ. У выніку матч дастаткова нечакана завяршыўся паразай каманды Савіцкага – 1:2. „Завіша” з Быдгашча абыграла дома „Пяст” з Глівіцэ – 2:0. Беларус Іван Маеўскі правёў усю гульню. „Гурнік” Філіпа Рудзіка сёння згуляе ў Гданьску супраць „Пагоні”.
У французскім чэмпіянаце „Мец” Сяргея Крыўца прайграў 0:2 на хатнім стадыёне „Эвіану”. Беларус зноў на поле не выходзіў. Рэнан Брэсан з-за траўмы па-ранейшаму не гуляе ў чэмпіянаце Партугаліі за „Рыу Авэ”. Клуб гульца беларускай зборнай саступіў 0:2 „Бразе”. У рамках чэмпіянату Турцыі клуб Аляксандра Глеба „Генчлербірлігі” згуляў унічыю 0:0 з „Сіваспорам”. Глеб выйшаў на поле на 73-й хвіліне гульні. Арцём Радзькоў па-ранейшаму па-за гульнёй з-за цяжкай траўмы. У чэмпіянаце Іспаніі „Малага” беларускага абаронцы Ягора Філіпенкі абыграла 3:2 „Хетафе”. Гулец зборнай Беларусі зноў не змог выйсці на поле.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя