Павел Знавец: 1-2 медалі – гэта будзе за шчасце



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец распавядае, чаму гэтыя Алімпійскія гульні пакуль няўдалыя для беларускіх спартсменаў.

14 лютага на Алімпіядзе ў Пхёнчхане павінна была прайсці індывідуальная гонка ў біятлоне для жанчын, але яна перанесена на 15 лютага. І гэта яшчэ адзін шанц закінуць першы медаль у скарбонку зборнай. Гэта можа зрабіць і трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, якая пакуль выступае дрэнна, і Надзея Скардзіна, якая ў сёлетнім сезоне ў гэтай дысцыпліне заваявала Малы хрустальны глобус.

Павел Знавец: Улічваючы, што Домрачава зараз не ў самай лепшай форме, можна казаць пра тое, што ў біятлоне мы алімпійскіх медалёў можам і не ўбачыць. І не толькі ў біятлоне, а наогул. Бо надзеі на фрыстайлістаў – гэта, безумоўна, добра, але там шмат дадатковых фактараў. Па-першае, фрыстайл – даволі суб’ектыўны від спорту. Па-другое, можа стацца так, што і надвор’е прыўнясе свае карэктывы ў размеркаванне медалёў. Адкуль мы, напрыклад, ведаем, куды будзе дзьмуць вецер, калі пачне разбег перад скачком той жа Антон Кушнір альбо Ганна Гуськова, на якіх мы ў першую чаргу разлічваем? Ніхто не ведае. А таму прагнозы тут, як той жа вецер: сёння адно, а заўтра можа быць іншае. Медалі – гэта рулетка. Калі іншым не пашэнціць, то нашы спартсмены могуць нешта і зачапіць, але 1-2 медалі для нашых алімпійцаў – гэта будзе за шчасце.

РР: Домрачавай прагназавалі 2-3 медалі, але наўрад ці так атрымаецца. Што пайшло не так?

Павел Знавец: Па-першае, трэба ўлічваць, што Домрачава пасля свайго сочынскага трыумфу нарадзіла дзіця і зараз знаходзіцца зусім не ў той форме, што чатыры гады таму. Я не лічу, што Дар’я ў біятлоне нейкі унікум, такіх спартсменак хапала і раней. Проста ў Сочы для Домрачавай усе карты сышліся ў адным месцы. А зараз я не разумею, чаму ўсе так упарта прагназуюць абавязковы медаль для Домрачавай, бо нічога незвычайнага апошнім часам яна не паказвае. Таму, калі пашанцуе, то выйграе. І тут таксама шмат у чым будзе залежыць яшчэ і ад суперніц.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя