Павел Знавец: Еўрапейскія гульні – гэта нешта штучнае



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец падзяліўся сваімі ўражаннямі ад Еўрагульняў.

Павел Знавец: Я пабываў па запрашэннях на некаторых спаборніцтвах і хачу сказаць, што амаль палова заўзятараў – гэта тыя, хто набываў квіткі па прафсаюзнай лініі. Людзі прыходзяць, адзначаюцца, а напрыканцы спаборніцтваў многія сыходзяць, бо ім не цікава.

Таму, калі казаць аб’ектыўна, то вялікай цікаўнасці няма да гульняў, але арганізацыя на досыць прыстойным узроўні. Рэжым спрабуе паказаць сваю цывілізаванасць тым, хто прыехаў у Менск. Таму ў асноўным можна ўбачыць валанцёраў і супрацоўнікаў службы бяспекі, а вось міліцыянераў – мінімум. Хаця не вельмі прыемна, калі цябе шчыльна па тры разы мацаюць на ўваходзе.

РР: За першыя тры дні беларусы ўжо заваявалі 38 медалёў, хаця падчас першых гульняў усяго было 43 медалі. Дома і сцены дапамагаюць?

Павел Знавец: Не трэба гэтымі вынікамі вельмі цешыцца, бо, напрыклад, залатая медалістка гульняў Эльвіра Герман паказала ўсяго 30-ы вынік сезона, скакун у вышыню Максім Недасекаў — 19-ы… Адным словам, на прэстыжных спаборніцтвах тая ж Герман, магчыма, нават у фінал не патрапіла б.

Гэтыя спаборніцтвы і блізка не стаяць побач з чэмпіянатамі свету альбо Еўропы. Таму многія і не прывезлі мацнейшых спартсменаў, хаця некаторыя лічаць гульні адным з этапам падрыхтоўкі да сур’ёзных спаборніцтваў.

Акрамя таго, краіна, якая прымае гульні, сама выбірае віды спорту, у якіх разыгрываюцца медалі. І гэтыя віды не заўсёды падабаюцца заўзятарам, але для функцыянераў галоўнае — вынік.

Няма адчування свята і датычнасці да эпахальнай падзеі. Еўрапейскія гульні – гэта нешта шэраговае і штучнае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя