Павел Знавец: Каб не галяндцы, зарабіў бы ўжо на Мальдзівы
Футбольнае першынство свету – гэта радасць не толькі для заўзятараў, але і для букмекераў. Палітык і ігрок са стажам на букмекерскіх стаўках Павел Знавец распавядае пра тое, як не “прагарэць”, і чаму гэты мундыяль цешыць букмекераў.
Днямі Павел Знавец развітаўся, як ён кажа, з “добрай сумай грошай”, паставіўшы на тое, што ў матчы Галандыя-Мексіка апошнія не прайграюць. Яшчэ за дзве хвіліны да заканчэння асноўнага часу мексіканцы выйгравалі (1:0), але два галы галяндцаў адправілі ў “накаўт” як зборную Мексікі, так і Знаўца.
Павел Знавец: Спачатку на матчах мундыяля я добра зарабіў, але затым усе грошы прасадзіў ды яшчэ і ў мінусе застаўся. Галяндцы мяне ў такі кут загналі. Ды і суддзя дапамог – прызначыў пенальці ў вароты мексіканцаў. Там трэба было жоўтую картку галяндскаму іграку даваць за сімуляцыю. Каб не гэты пенальці, дык я быў бы ў вялізным плюсе. Зарабіў бы ўжо і на Канары, і на Мальдзівы. Вытрымка падвяла – раз на год са мной такое здараецца.
РР: Падчас чэмпіянату мы бачым шмат непрадказальных матчаў. Ці заробяць на гэтым першынстве букмекеры?
Павел Знавец: Думаю, ужо няблага зарабілі. Чым больш сенсацый, тым большы заробак кантор. Тады вельмі шмат ігракоў прайграе, бо звычайна ставяць на фаварытаў. Але ў мяне правіла такое – рабіць стаўкі толькі падчас матча, а не напярэдадні. Па-першае, у апошні момант могуць адбыцца змены ў складзе каманд. Па-другое, трэба паглядзець, як ідзе гульня, якія настроі ў каманд. На такіх форумах кожная каманда ўнікальная, таму да пачатку матча трэба шанцы абедзвух каманд расцэньваць 50 на 50. У мяне ўсё падпарадкавана логіцы. Алагічным атрымаўся толькі пройгрыш галяндцаў.
РР: А ці лагічнымі для вас выглядаюць тыя чвэрцьфінальныя пары, якія ўжо склаліся?
Павел Знавец: Па вялікаму рахунку так, але мне не падабаецца акадэмічная і невыразная гульня Бразіліі, хоць яе і лічаць адным з фаварытаў. Па сутнасці ў камандзе адзін лідар – Неймар. Астатнія ігракі – сярэдняга ўзроўню. Вось атрымае траўму Неймар ці выдаляць яго – і Бразіліі няма. Гэта – як Уругвай без Суарэса. А ўвогуле, мне здаецца, што Галяндыя, калі захавае фізічныя кандыцыі, мае добрыя шанцы патрапіць у фінал. І, натуральна, немцы – гэта машына. Як кажуць: у футбол гуляюць дзве каманды, а выйграе заўжды Германія. Усё і зараз ідзе да таго.
РР: Мяркуеце, што чэмпіёнам стане еўрапейская каманда?
Павел Знавец: Хочацца верыць у гэта, але тут ніякія прагнозы я рабіць не буду. Хопіць, ужо спрагназаваў матч Мексіка-Галяндыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info
