Павел Знавец: Нам патрэбны нацыянальны футбол
Спартыўны заўзятар Павел Знавец распавядае, што трэба зрабіць, каб народ пайшоў на футбольныя стадыёны.
28 кастрычніка першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян распавёў, як іх ведамства плануе падвысіць наведвальнасць стадыёнаў.
Па словах Сафар’яна, узаемаадносіны футбольных балельшчыкаў і міліцыі будуць абмяркоўвацца на сустрэчы кіраўніка федэрацыі Сяргея Румаса і міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
Акрамя таго, федэрацыя плануе запрасіць у Беларусь каманду экспертаў з УЕФА, якія і будуць займацца вырашэннем пытання наведвальнасці стадыёнаў.
“У іх ёсць вопыт рэалізацыі эфектыўных праектаў у шэрагу краін, – сказаў Сяргей Сафар’ян. – Нам патрэбна падтрымка – кансультацыйная, можа быць, нейкая яшчэ. У сакавіку ў нас з’явіцца апытанне жыхароў краіны, іншыя карысныя звесткі для ацэнкі сітуацыі. На падставе ўсяго гэтага і будзе распрацаваны спосаб вырашэння праблемы”.
Павел Знавец: Я не разумею, што могуць вырашыць нейкія эксперты? Найперш трэба казаць пра тое, што ў Беларусі, акрамя “Барысаў-Арэны”, няма ніводнага выключна футбольнага стадыёна. Неяк я звадзіў сына на футбол, на стадыён “Дынама”, яшчэ да яго рэканструкцыі. Ля бегавых дарожак там стаялі нейкія краты, а таму назіраць за матчам было зусім дрэнна. І складвалася ўражанне, што ты не на футболе, а ў турме. Усе гэтыя меры бяспекі – дыскамфорт для заўзятараў. Павінна быць адчуванне свята, радасць ад наведвання стадыёна, а ў нас усё адбываецца наадварот.
РР: У міліцыянтаў на гэты конт сваё меркаванне – маўляў, яны робяць усё для бяспекі гледачоў…
Павел Знавец: А хто ў такім выпадку ім забараняе быць ветлівымі? Хто прымушае хапаць заўзятараў за нацыянальную сімволіку, якая афіцыйна дазволена? Мы павінны вяртацца да свайго нацыянальнага, тады будзе яднанне людзей. Нам патрэбны сапраўды нацыянальны футбол. Тады і зусім іншая атмасфера будзе на стадыёне, і каманды зайграюць. А сёння атрымліваецца нейкае замкнёнае кола. Футбалісты скардзяцца, што заўзятары слаба іх падтрымліваюць. Заўзятары скардзяцца на дзеянні міліцыянтаў. А апошнім усё да лямпачкі, яны нікога не слухаюць – ні заўзятараў, ні футбалістаў. Натуральна, што такі футбол нікому не патрэбны. І сітуацыю тут ніякія эксперты УЕФА не выправяць, пакуль будзе захоўвацца такая сітуацыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя