Павел Знавец: Нобелеўскай прэміі за футбол не будзе



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец пракаментаваў той факт, што першынство Беларусі па футболе працягваецца да гэтага часу.

Павел Знавец: Для многіх беларускі футбол у час, калі ў свеце наогул не праходзяць спартыўныя спаборніцтвы, і насамрэч добры варыянт, бо хоць нешта можна паглядзець. Многія, натуральна, прызвычаіліся сачыць за гульнёй зорак з ангельскай прэм’ер-лігі, чэмпіянатаў Іспаніі ці Германіі, але зараз ёсць тое, што ёсць – першынство Беларусі.

Гэта добры шанц найперш для беларускіх гульцоў паказаць сябе, бо за імі сочаць не толькі заўзятары, але і многія футбольныя агенты.

РР: Але навошта рызыкаваць? Ці варта гэта выніку?

Павел Знавец: Безумоўна, самае галоўнае для чалавека – здароўе, і, мяркую, чэмпіянат будзе працягвацца да таго часу, пакуль, як кажуць, певень не клюне ў адно месца. Але ж пакуль мы бачым, што выпадкаў захворванняў сярод футбалістаў і заўзятараў як быццам няма, і гэта, відаць, натхняе кіраўніцтва федэрацыі на далейшыя подзвігі.

РР: Букмекеры прымаюць стаўкі на такую пазіцыю: “Ці з’явіцца новая намінацыя Нобелеўскай прэміі, спецыяльна заснаваная для першынства Беларусі па футболе?” На тое, што з’явіцца, – каэфіцыент 5,0, што не з’явіцца – 1,11. На што б вы паставілі?

Павел Знавец: Натуральна, што з гэтай нагоды не з’явіцца ніякая новая намінацыя Нобелеўскай прэміі, і, як бачым, на гэта каэфіцыент вельмі малы. Букмекерам з-за адсутнасці спаборніцтваў трэба хоць нешта прапаноўваць кліентам, вось і прыдумляюць абы што.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота glavred.info