Павел Знавец: Расейцы на Еўра-2016 “адцягваюцца” па-свойму



Пра свае ўражанні ад першых матчаў Еўра-2016 распавёў палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец.

Павел Знавец: Як ні дзіўна, але моцна выглядала ў матчы з французамі зборная Румыніі, якая мне даволі спадабалася, я не чакаў, што румыны дадуць такі бой гаспадарам першынства. Іспанцы паказалі добры атакуючы футбол, хаця з рэалізацыяй момантаў у іх пакуль праблемы. І як заўсёды, нямецкая машына паказвае клас. Дарэчы, каманда Украіны хаця і прайграла зборнай Нямеччыны, але таксама прыемна здзівіла. А вось французы, якія лічацца аднымі з фаварытаў турніра, пакуль згулялі даволі слаба. З такой гульнёй чэмпіёнамі яны дакладна не стануць.

РР: А як вам зборная Расеі?

Павел Знавец: Яны гуляюць у сваім традыцыйным стылі – акадэмічна, прадказальна, без бляску. Зорак там аніякіх няма, таму мы бачым сярэднюю гульню сярэдняй каманды. Як мне падаецца, шанцаў на медалі ў іх аніякіх. Ды і ў матчы з камандай Англіі расейскіх футбалістам яшчэ пашанцавала, што зраўнялі лік напрыканцы гульні.

РР: Затое расейскія заўзятары ў Францыі адзначыліся бойкамі…

Павел Знавец: А што ім застаецца рабіць? Нават расейскія палітолагі кажуць, што на міжнароднай арэне ў Расеі – поўны правал, дык хоць у Францыі “адцягнуцца” і пакажуць сваю “моц” праз мардабой. Гэта амаль люстэркавае адлюстраванне ўсё той палітыкі Масквы, якую яна праводзіць апошнім часам. Мяне здзіўляе іншае – чаму французская паліцыя так мякка ставіцца да людзей, якія прыехалі на Еўра-2016 не футбол глядзець, а адмыслова збіваць іншых амаль да смерці. Наколькі вядома, у брытанца, якому расейсцы праламалі галову, медыкі канстатавалі смерць мозга. Гэта ж да якога дзікунства трэба дайсці, каб падчас футбольнага свята забіць чалавека?!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота twitter.com