Павел Знавец: У футболе таксама азіраюцца на адміністрацыю прэзідэнта
Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе, дзе праходзіць нацыянальнае першынство па футболе, якое стартавала 19 сакавіка. Паўсюль чэмпіянаты пазачынялі з-за каронавіруса, але ў нашай федэрацыі свая пазіцыя.
«У краіне не такая абстаноўка, што нам трэба ўсё спыняць, – заявіў «Трыбуне» кіраўнік федэрацыі Уладзімір Базанаў. – Навошта нагнятаць абстаноўку? Думаю, калі б нешта было не так, нам бы з той жа Адміністрацыі прэзідэнта сказалі: «Хлопцы, вы глупствам не займайцеся. Спыніце». Нас бы паправілі.
Разумею, што хочацца ўсё раздуць. Але для чаго? Вось зараз усе спалохаліся, межы зачынілі. У выніку вытворчасць упадзе, і будзе эканамічны крызіс. Проста трэба часцей мыць рукі, глядзець, хто знаходзіцца побач, выконваць меры бяспекі і асабістай гігіены».
Павел Знавец: У Еўропе апошнім часам праходзіў толькі чэмпіянат Турцыі па футболе, але без заўзятараў. Зараз і яго прыпынілі. А мы, відаць, вырашылі паказаць усяму свету, якія смелыя. Хаця відавочна, што на футболе, калі на стадыёны будзе прыходзіць шмат заўзятараў, верагоднасць заражэння куды большая.
Але навошта? Каму патрэбна гэтая смеласць? Тым больш, што матч плэй-оф да чэмпіянату Еўропы паміж зборнымі Беларусі і Грузіі таксама перанеслі, а каляндар рыхтаваўся менавіта з улікам гэтай падзеі. Таму можна было пачаць пазней і першынство. Няхай бы спачатку паглядзелі, як будзе складвацца сітуацыя з эпідэміяй у краіне, а не бегчы з шашкамі на танкі.
РР: Чаму, на ваш погляд, наша федэрацыя не пайшла на такія меры бяспекі?
Павел Знавец: Таму што, як казаў той жа Базанаў, на адміністрацыю прэзідэнта азіраюцца. Лукашэнка сказаў, што каранцін не патрэбны, і адразу ўсе жывуць і працуюць па гэтым прынцыпе. Ва ўсіх галінах – ці то ў эканоміцы, ці то ў спорце. Сказаў бы, што галовы паляцяць у чыноўнікаў, бо каранцінныя меры не прымаюцца, і адразу ўсе пачалі б казаць, якое гэта мудрае рашэнне. У нас краіна хамелеонаў і прыстасаванцаў. Рэдка ў каго хопіць смеласці ўстаць і сказаць: «А кароль жа – голы!»
Таму, першынство будзе працягвацца, пакуль не будзе інструкцый зверху. Вось калі пачнуць хварэць футбалісты, тады, можа быць, пра нешта і задумаюцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя