Павел Знавец: У іх патрыятызму – нуль
Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец распавёў, чаму зборная Беларусі па футболе згубіла аўтарытэт у заўзятараў.
Як вядома, футбольная зборная Беларусі прайграла галоўны матч сезона зборнай Грузіі, а таму пра першынство Еўропы варта забыць. Многія заўзятары сталі негатыўна ставіцца да футбалістаў, якія зрабілі выгляд, што ў краіне апошнім часам нічога незвычайнага не адбываецца.
А вось намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Міхаіл Вяргеенка лічыць, што трэба, каб маладыя футблаісты імкнуліся гуляць за зборную “з патрыятызмам”.
Павел Знавец: Няма зараз у зборнай ні яркіх футбалістаў, ні мужных асобаў, якія не баяцца выказацца, нягледзячы на тое, што з-за гэтага могуць быць наступствы. Дакладней, такія ёсць, але іх зусім мала. Той жа Ілля Шкурын з ЦСКА, які адмовіўся гуляць за нацыянальную зборную, пакуль захаваецца гэты рэжым.
Сёння ў футбольнай камандзе патрыятызму – нуль, бо ўвесь гэты патрыятызм (не толькі ў футболе) трымаецца не на шчырых пачуццях, а на грашах, жаданні захаваць сваё месца. Таму гэтая публіка і трымаецца прынцыпу “мая хата з краю”. Ім лепш маўчаць, чым падтрымаць калег па спартыўнаму цэху, якія патрапілі пад рэпрэсіі. Дык які вынік чакаць ад гэтай шэрай масы? За 26 год і з футбалістаў вытравілі ўсё чалавечнае.
Таму застаецца спадзявацца толькі на моладзь. Тут з Вяргеенкам можна пагадзіцца наконт “патрыятызму”. Менавіта моладзь зараз уздымае на шчыт і бел-чырвона-белы сцяг, і Пагоню.
РР: Ці верне зборная народную любоў?
Павел Знавец: Як кажуць, усё ў іх руках. Няхай футбалісты самі выбіраюць, што для іх важней: спагада гэтага рэжыма альбо прынцыповасць, справядлівасць і прызнанне аматараў футбола. Павагу заслугоўваць не толькі на футбольным полі (хаця і гэта вельмі важна), а яшчэ і праз сваю грамадзянскую пазіцыю. Звычайна ж так атрымліваецца, што баязліўцы ў жыцці і на полі не здольны нічога паказаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: svaboda.org