Павел Знавец: У Расеі лямантаваць будуць яшчэ доўга
Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец выказаў сваё стаўленне да таго, што Расеі забаранілі на 4 гады прымаць удзел у міжнародных спартовых спаборніцтвах, у тым ліку, і на Алімпіядзе.
Нагадаем, што выканкам Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) аднагалосна прыняў рэкамендацыю камітэта арганізацыі пазбавіць Расейскае антыдопінгавае агенцтва статусу адпаведнасці Сусветнага антыдопінгавага агенцтву і пазбавіць Расею на чатыры гады права ўдзельнічаць у буйных спартыўных міжнародных мерапрыемствах, у лік якіх уваходзяць Алімпіяды і чэмпіянаты свету.
Рашэнне звязана з маніпуляцыямі з допінг-пробамі Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі за перыяд з 2012 па 2015 г.
Павел Знавец: Сёння ў Расеі пытанне спрабуюць палітызаваць, але тут нічога новага – гэтая зброя пастаянна выкарыстоўваецца расейскімі прапагандыстамі, калі няма што адказаць па факце. Адным словам, на любы аргумент у іх ёсць прыкладна такі адказ: гэта палітычны ціск на Расею.
Але ў тым, што Расея атрымала па заслугах – гэта адназначна. І ніякай палітыкі тут няма. Пастаянная хлусня дзяржаўных і спартыўных чыноўнікаў, нежаданне прызнаваць і выпраўляць памылкі – вось што прывяло да такой сітуацыі.
Злавілі вас за руку, дык прызнайцеся. Гэта тое самае, каб на месцы злачынства злавілі злодзея, а той кажа міліцыі: “Я не вінаваты, бо такім чынам вы хочаце ціснуць на кіраўніцтва краіны”. Як казаў той жа Пуцін, трэба падзяляць дзе мухі, а дзе катлеты.
РР: Некаторыя кажуць так: маўляў, шкада, што пад рэпрэсіі патрапілі і тыя расейскія спартсмены, якія ніколі не ўжывалі допінг. Навошта такія жорсткія санкцыі?
Павел Знавец: Па-першае, “чыстыя” спартсмены змогуць выступіць на той жа Алімпіядзе, гэта не забаронена. Праўда, пад нейтральным сцягам і без нацыянальнага гімна на ўзнагароджанні. Але калі для цябе важна паказаць, што і без допінга ты на нешта здольны, то дакажы гэта.
Па-другое, расейскія спартсмены няхай скажуць дзякуй сваім чыноўнікам, якія, каб атрымаць свае дывідэнды, і “замуцілі” ўсю гэтую гісторыю. Пра спартсменаў яны думалі менш за ўсё, што прызнаюць многія спартыўныя каментатары і ў той жа Расеі. А зараз лямантуюць: “Гэта змова супраць Расеі”. І яшчэ доўга будуць гэта рабіць, тут прапагандысты руку ўжо набілі.
Але перш чым лямантаваць, трэба проста без залішніх эмоцый паглядзець у люстэрка і сказаць самім сабе: “А твар і насамрэч не вельмі добра выглядае”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя