Пенальці прынёс „Віцебску” перамогу над „Энергетыкам”-БДУ
У матчы ў адказ за месца ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі-2024 „Віцебск” узяў верх над „Энергетыкам”-БДУ з лікам 1:0.
Адзіны гол з пенальці забіў Руслан Тэвераў на 7-й хвіліне. Першы матч гэтых супернікаў завяршыўся ўнічыю 0:0, таму па суме гульняў пуцёўку ў „вышку” заваяваў „Віцебск”. „Студэнты”, у сваю чаргу, апускаюцца ў першую лігу.
«Ювентус» мінімальна перайграў «Напалі» і ўзначаліў Серыю А
У матчы 15-га тура чэмпіянату Італіі, у якім „Ювентус” прымаў „Напалі” паядынак завяршыўся мінімальнай перамогай гаспадароў. Адзіны гол забіў абаронца турынскага клуба Федэрыка Гаці. Пасля гэтай перамогі „Ювентус” узначаліў турнірную табліцу Серыі А, набраўшы 36 ачкоў. У «Інтэра» 35 балаў і матч у запасе. У «Напалі» 5-ы радок і 24 пункты.
Раналду стаў першым палявым гульцом, які правёў 1200 матчаў у кар’еры
Нападнік „Аль-Насра” і зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду стаў першым палявым гульцом, які правёў 1200 матчаў у кар’еры, паведамляецца на сайце Міжнароднай федэрацыі футбольнай гісторыі і статыстыкі (IFFHS). Юбілейнай для форварда стала гульня з „Аль-Рыядам” (4:1) у 16-м туры чэмпіянату Саудаўскай Аравіі. У матчы партугалец адзначыўся голам і выніковай перадачай.
Раналду правёў 31 матч за „Спортынг”, 346 – за „Манчэстэр Юнайтэд”, 438 – за „Рэал”, 134 – за „Ювентус”, 46 – за „Аль-Наср” і 205 – за зборную Партугаліі. У гісторыі футбола 1200 матчаў таксама згулялі тры брамнікі — Ражэрыа Сені (1225), Пітэр Шылтан (1217) і Фабіа (1200).
Сярод палявых гульцоў бліжэй за ўсіх да Раналда размясціўся экс-абаронца «Рэала» і зборнай Бразіліі Раберта Карлас — 1090 матчаў.
Ягор Шаранговіч з форвардаў „Калгары” больш за ўсіх прабыў на лёдзе і зрабіў выніковую перадачу
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Калгары” дома ўзяў верх над „Каралінай” з лікам 3:2, адыграўшыся з 0:2. Беларус у меншасці зрабіў галявую перадачу перад трэцяй шайбай „Калгары”, якая ў выніку стала пераможнай для канадскага клуба. Шаранговіч правёў на лёдзе 21 хвіліну 24 секунды — найлепшы айстайм сярод форвардаў „Калгары” і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „+1”.
Беларускі абаронца „Калгары” Ілья Салаўёў правёў сустрэчу ў трэцяй пары абаронцаў, згуляў 10 хвілін 20 секунд, здзейсніў адзін сілавы прыём і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „0”.
Ёханэс Бё выйграў першую гонку ў сезоне
У рамках другога этапа Кубка свету па біятлоне першую асабістую гонку ў сезоне выйграў дзейны ўладальнік Вялікага Хрустальнага глобуса Ёханэс Бё. Нарвежац стартаваў у гонцы пераследу з 11-й пазіцыі, дапусціў усяго адзін промах і ўпэўнена апярэдзіў усіх канкурэнтаў.
Другім на фінішы быў нарвежац Ёханэс Дале, трэцім — пераможца спрынту Тар’е Бё. У жанчын выйграла шведка Эльвіра Эберг у гонцы пераследу на 10 км. Другое месца заняла прадстаўніца Швейцарыі Лена Хекі-Грос, на трэцяй пазіцыі фінішавала нарвежка Інгрыд Тандрэвалд.
Усяго стартавалі 59 удзельніц.
Беларускае Радыё Рацыя