Перад матчам Украіна-Турцыя на поле выскачыла аголеная дзяўчына



Аголеная актывістка арганізацыі Femen выбегла на футбольнае поле ў Харкаве перад матчам адборавага этапа чэмпіянату свету-2018 паміж дружынамі Ўкраіны і Турцыі.

У дзяўчыны на грудзях было напісана Erdogan Killer (Эрдаган – забойца). Відавочна, што меўся на ўвазе прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган. Дзяўчына з’явілася на полі ў той момант, калі каманды пазіравалі для тэлекамер перад стартавым свістком. Яе вывелі з поля сцюарды.

Сама сустрэча паміж зборнымі Ўкраіны і Турцыі прайшла ў суботу, 2 верасня і завяршылася вікторыяй гаспадароў поля 2:0. Абодва мячы на рахунку Андрэя Ярмоленкі. Зборная Ўкраіны на дадзены момант выйшла на першае месца ў сваёй адборавай групе і рэальна прэтэндуе на выхад у фінальную частку, якая пройдзе ў наступным годзе на палях Расеі.

Femen —жаночы грамадскі рух, які рэгулярна праводзіць эпатажныя акцыі з агаленнем. Часцей усяго паўголыя актывісткі з напісанымі на целе лозунгамі з’яўляюцца перад тэле- і фотакамерамі ў час грамадскіх мерапрыемстваў ці палітычных сустрэч. Існуе арганізацыя з 2008 года.

Адвакат затрыманай дзяўчыны – а гэта зноў была Анджэліна Дзіаш, якая пратэставала супраць сустрэчы прэзідэнта Пятра Парашэнкі з Аляксандрам Лукашэнкам, Яраслаў Яцэнка сёння паведаміў, што яе адпусцілі.

Беларускае Радыё Рацыя