Пераможны поступ „зуброў” па „Сібіры”
Менскае хакейнае „Дынама” дамаглося чацвёртай запар вікторыі ў рэгулярным першынстве КХЛ. На гэты раз ахвярай „зуброў” стала навасібірская „Сібір”, якую, дарэчы, трэніруе беларус Андрэй Скабелка.
Ужо на першай хвіліне дынамаўцы, якія гулялі на чужым лёдзе, прапусцілі шайбу. Але з валявымі якасцямі ў менчукоў у бягучым сезоне ўсё ў парадку. Вырашальным стаў другі перыяд, калі цягам трох хвілін (!) бела-блакітныя тройчы святкавалі поспех. Шайбы ў гасцей закінулі Аляксандр Паўловіч (31-я хвіліна), Андрэй Сцяпанаў (32-я) і Дзмітрый Корабаў (34-я). У трэцім перыядзе галоў не было зафіксавана. Выніковы ж лік – 3:1 на карысць „Дынама”.
Пасля 41 матча менскае „Дынама” мае 70 ачкоў, займае пяты радок турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі і ўпэўнена трымаецца ў зоне плэй-оф.
Беларускае Радыё Рацыя