Перанесены матч БАТЭ з менскім «Дынама» у 19-м туры ЧБ
Матч 19-га тура чэмпіянату Беларусі БАТЭ – «Дынама» Менск перанесены на нявызначаны тэрмін з-за ўдзелу барысаўчан у еўракубках. Паядынак быў запланаваны на 26 жніўня. Нагадаем, раней былі перанесеныя матчы БАТЭ супраць «Гомеля», «Энергетыка-БДУ» і «Мінска» ў чэмпіянаце Беларусі, а таксама гульня 1/8 фіналу Кубка Беларусі супраць «Астраўца».
Сын экс-форварда зборнай Беларусі Гальчанюк падпіша кантракт са СКА
Амерыканскі хакеіст, сын экс-форварда зборнай Беларусі Аляксандра Гальчанюка Алекс Гальчанюк падпіша кантракт са СКА. Раней паведамлялася, што хакеіст знаходзіцца ў сферы інтарэсаў менскага «Дынама». Гальчанюк быў абраны ў 2012 годзе на драфце пачаткоўцаў пад трэцім нумарам і за кар’еру ў НХЛ пагуляў у «Манрэалі», «Арызоне», «Піцбургу», «Мінесоце», «Атаве», «Таронта» і «Каларада». Нагадаем, 9 ліпеня Гальчанюк быў арыштаваны. Яму прад’явілі шэраг абвінавачанняў: напад на прыватную ўласнасць, хуліганства, непадпарадкаванне, супраціў арышту, пагрозы і аварыю. Хакеіста адправілі ў турму, а пасля вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. «Арызона», якая падпісала Гальчaнюка 2 ліпеня, скасавала кантракт з гульцом 14 ліпеня.
Беларус Траццяк працягне кар’еру ў «Астане»
Беларускі баскетбаліст Вадзім Траццяк працягне кар’еру ў «Астане». 23-гадовы атакуючы абаронца мінулы сезон правёў за «Мінск». Траццяк згуляў у мінулым сезоне Адзінай Лігі ВТБ у 17 матчах. У сярэднім ён праводзіў на пляцоўцы 7 хвілін 27 секунд.
Гандбалісты менскага СКА і стаўрапольскага „Віктара” адкрыюць новы сезон SEHA-лігі
Стартавы паядынак віцэ-чэмпіёнаў мінулага турніру і пачаткоўца лігі адбудзецца 12 верасня ў Менску. Акрамя СКА і „Віктара” ў папярэдняй групе В выступяць магілёўскі клуб „Машэка”, расейскія „Чэхаўскія мядзведзі”, а таксама яшчэ адзін дэбютант – „Бусел Кітая”. У групе А згуляюць дзейны пераможца дывізіёна „Усход” SEHA-лігі „Мяшкоў Брэст”, „Гомель” і тры прадстаўнікі Расеі – „Пермскія мядзведзі”, маскоўскі ЦСКА і „Зеніт” з Санкт-Пецярбурга.
Тры беларускія тэнісісткі згуляюць на турніры ў Цынцынаці
Тры беларускія тэнісісткі прымуць удзел у буйным турніры катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч даляраў. Першай у барацьбу ўступіць 74-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч, якая прабілася ў асноўную сетку праз кваліфікацыю. У 1/32 фіналу яна сустрэнецца з кітайскай тэнісісткай Сінвэнь Жон. Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка ў першым раундзе згуляе з чэшкай Барбарай Крэйчыкавай. Другая ракетка планеты Арына Сабаленка пачне выступы з другога раунда, дзе яе суперніцай будзе пераможца матчу паміж польскай тэнісісткай Магдай Лінэт і прадстаўніцай ЗША Эн Лі.
Беларускае Радыё Рацыя