Першая гасцявая перамога «Юнацтва» ў Лізе чэмпіёнаў
Менскае „Юнацтва” абыграла ў гасцявым матчы хакейнай Лігі чэмпіёнаў фінскі клуб «Пеліканс» з лікам 4:2. Менчукі прапусцілі ўжо на другой хвіліне, але гэтая шайба толькі раззлавала «Юнацтва», якое адказала адразу чатырма дакладнымі кідкамі.
Вызначыліся Цыганоў, Лапачук, дубль аформіў Стэфановіч. На 51-й хвіліне Йіланен адыграў адну шайбу, але большага чэмпіён Беларусі суперніку не дазволіў. «Юнацтва» трэці раз выступае ў Лізе чэмпіёнаў і святкавала зараз першую ў гісторыі гасцявую перамогу. У апошнім туры праз тыдзень «Юнацтва» прыме «Пеліканс» на хатняй арэне.
Менскае “Дынама” прайграла «Дынама» рыжскаму
Менскае «Дынама» пачало выязную серыю з гасцявой паразы ад рыжскіх аднаклубнікаў. Ужо на чацвёртай хвіліне Картэр Эштан, а неўзабаве Гінц Мейя падвоіў перавагу дакладным кідком у кут. Праз 11 секунд Уладзіслаў Яроменка адыграў адну шайбу, але яшчэ да перапынку Эштан зрабіў дубль. Другі перыяд прайшоў без галоў, а трэці прайшоў у бясконцых атаках „зуброў”. І тут ва ўсёй красе сябе паказаў брамнік гаспадароў Андрэй Макараў. Толькі адскок ад Гінца Мейі пасля кідка Андрэя Касціцына прымусіў Макарава капітуляваць, але больш закінуць менчукам ён не дазволіў – 3:2 на карысць рыжскага «Дынама». У пятніцу менскае «Дынама» згуляе ў гасцях супраць фінскага «Йокерыта».
Беларускія юніёры вырвалі нічыю ў матчы з шатландцамі
Юніёрская зборная Беларусі па футболе згуляла ўнічыю 2:2 з аднагодкамі з Шатландыі ў першым кваліфікацыйным раўндзе адборавага турніру ў 3-й групе чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў 2001 года нараджэння (U-19). Да сярэдзіны першага тайма беларусы апынуліся ў нявыгадным становішчы, прапусціўшы два галы. Не прымусілі сябе чакаць і галы ў выкананні беларусаў. Вызначыліся Дзмітрый Прышчэпа і Раман Давыскіба.
“Сталіца” разграміла «Ховакубу» ў міні-футбольнай Лізе чэмпіёнаў
У першым матчы асноўнага раўнда міні-футбольнай Лігі чэмпіёнаў менская „Сталіца” разграміла нідэрляндскі „Ховакуба” з лікам 9:1.
Усе пытанні адносна пераможцы матчу былі практычна знятыя ўжо да 15-й хвіліны. Пасля галоў Руслана Лазюка і Паўла Раговіка, які зрабіў дубль, лік стаў 3:0 на карысць беларускага клуба. У далейшым менская каманда яшчэ шэсць разоў засмуціла брамніка гасцей.
«Барысфен» выляцеў з Кубка ФІБА
Магілёўскі „Барысфен” саступіў у паўторным матчы Кубка ФІБА ўкраінскаму „Дняпру” з аднайменнага горада з лікам 71:81. Самым выніковым гульцом у складзе „Барысфена” стаў Браян Ламонт, які набраў 21 ачко. У першым матчы, які адбыўся тыдзень таму ў Беларусі, „рыцары” таксама пацярпелі паразу 76:101. Такім чынам, падначаленыя Андрэя Крываноса выбылі з ліку прэтэндэнтаў на еўракубкавы трафей.
Мацвееў і Холдэйн могуць узначаліць беларускія зборныя па валейболе
На трэнерскім савеце Беларускай федэрацыі валейбола, якая прыняла адстаўкі галоўных трэнераў мужчынскай і жаночай зборных краіны Віктара Бекшы і Пятра Хілько, былі названыя кандыдатуры на вакантныя пасады. Асноўным кандыдатам на тое, каб узначаліць жаночую зборную, з’яўляецца галоўны трэнер клуба расейскай суперлігі „Дынама-Метар” Дзяніс Мацвееў. 40-гадовы беларускі спецыяліст валодае гульнявым і трэнерскім вопытам, акрамя таго, у яго ёсць вялікае жаданне папрацаваць са зборнай, адзначылі ўдзельнікі трэнерскай рады.
У настаўнікі мужчынскай зборнай прадказваюць брытанца Джэйсана Холдэйна. Ураджэнец Канады ў якасці гульца ўдзельнічаў у Алімпіядзе-2012. Абараняў колеры цэлага шэрагу еўрапейскіх клубаў. Выйграваў Лігу чэмпіёнаў, Кубак ЕКВ і Суперкубак Еўропы. У якасці трэнера працаваў у азербайджанскім „Азероле” і ўваходзіў у трэнерскі штаб зборнай Канады.
Немцы не ўтрымалі перамогу над аргентынцамі
У таварыскім футбольным матчы зборная Нямеччыны прымала нацыянальную каманду Аргентыны. Сустрэча адбылася ў Дортмундзе і завяршылася нічыёй 2:2. На 15-й хвіліне лік у матчы адкрыў паўабаронца зборнай Нямеччны Серж Гнабры. Праз 7 хвілін хаўбек Кай Хаверц умацаваў перавагу нямецкай каманды. У другім тайме, на 66-й хвіліне, нападнік зборнай Аргентыны Лукас Аларыё скараціў адставанне гасцей. У канцоўцы сустрэчы, на 85-й хвіліне, аргентынскі паўабаронца Лукас Акампас адправіў мяч у браму Марка-Андрэ тэр Штэгена і зраўняў лік. 13 кастрычніка зборная Нямеччыны згуляе з нацыянальнай камандай Эстоніі ў матчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2020, а Аргенціна правядзе таварыскую гульню з Эквадорам.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pressball.by