Першы пераходны матч паміж „Славіяй” і „Крумкачамі” пройдзе ў Мазыры
У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне пераходных матчаў за права гуляць у наступным сезоне ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Лёсаванне вызначыла, што 2 снежня першая сустрэча паміж футбалістамі „Славіі” і сталічным клубам „Крумкачы” пройдзе ў Мазыры. Паядынак у адказ адбудзецца 5 снежня ў Менску. Футбалісты мазырскай „Славіі” ў чэмпіянаце краіны занялі 14-е месца ў вышэйшай лізе, а „Крумкачы” фінішавалі на трэцяй пазіцыі ў першай лізе нацыянальнага першынства. Прамыя пуцёўкі ў элітны дывізіён заваявалі дзве лепшыя каманды першай лігі – дзяржынскі „Арсенал” і бабруйская „Белшына”, якія заменяць „Смаргонь” і рэчыцкі „Спадарожнік”.
Трэнерскі штаб біятлоннай зборнай Беларусі вызначыўся са складам на другі этап КС
Трэнерскі штаб біятлоннай зборнай Беларусі вызначыўся са складам на другі этап КС у Эстэрсундзе. У складзе мужчынскай зборнай Беларусі пабягуць этап Антон Смольскі, Дзмітрый Лазоўскі, Сяргей Бачарнікаў, Максім Варабей, Мікіта Лабастаў. Апошні выкліканы ў асноўную каманду замест Рамана Ялётнава, які адправіўся стартаваць у Кубку IBU. У жаночай камандзе выступяць Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Алена Кручынкіна, Ірына Лешчанка і Ірына Кручынкіна.
Звяно Авечкін – Кузняцоў – Протас закінула пяць шайб у апошніх трох матчах
„Вашынгтон” абыграў „Караліну” ў матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ, расейскі нападнік Аляксандр Авечкін і беларускі форвард Аляксей Протас закінулі па адной шайбе. У апошніх трох гульнях звяно Авечкін – Кузняцоў – Протас у роўных складах і закінула тры шайбы, а ў большасці ў гэтай тройкі дзве закінутыя шайбы.
Зімовая Універсіяда ў Люцэрне адменена з-за з’яўлення новага штаму каронавіруса
Зімовая Універсіяда-2021 у швейцарскім Люцэрне адменена з-за з’яўлення новага штаму каронавіруса. „Універсіяда адменена з прычыны нядаўна выяўленага штаму каронавіруса „амікрон”. Рашэнне звязана з увядзеннем уладамі Швейцарыі абавязковага 10-дзённага каранціну для тых, хто прыязджае з афрыканскіх краін, у выніку было ўстаноўлена, што Універсіяда ў Люцэрне не зможа адбыцца”, — цытуе ТАСС крыніцу, знаёмую з сітуацыяй. Універсіяда-2021 павінна была прайсці з 11 па 21 снежня.
Форвард „Шахцёра” Віталь Антановіч падпісаў двухбаковы кантракт з менскім „Дынама”
Беларускі нападнік Віталь Антановіч (2002) падпісаў двухбаковы кантракт з менскім „Дынама”. Пагадненне разлічана да канца сезона. 19-гадовы форвард у бягучым сезоне выступаў за салігорскі «Шахцёр», дзе ў 16 матчах экстралігі набраў 3 (0+3) ачкі.
Беларускае Радыё Рацыя