Першыя матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў завяршыліся ўнічыю
Данецкі „Шахтар” згуляў унічыю з мюнхенскай „Баварыяй” у першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Сустрэча, якая праходзіла ў Львове, завяршылася з лікам 0:0, хоць украінцы амаль палову другога тайма правялі ў большасці дзякуючы выдаленню паўабаронцы мюнхенцаў Хабі Алонса. Іспанец атрымаў дзве жоўтыя карткі на 24-й і 65-й хвілінах матчу, другая з іх аўтаматычна пацягнула за сабой чырвоную. Баварцы выступалі практычна асноўным складам. Паралельна з гэтым матчам у Парыжы гулялі мясцовы „Пары Сен-Жэрмен” і лонданскі „Чэлсі”. Гэтая сустрэча таксама скончылася з нічыйным лікам – 1:1. У складзе ангельцаў голам адзначыўся абаронца Браніслаў Іванавіч, а мяч у адказ за парыжанаў забіў нападнік Эдзінсан Кавані. У канцы гульні гаспадары мелі выдатную магчымасць дамагчыся перамогі, але галкіпер „Чэлсі” Цібо Куртуа парыраваў небяспечны ўдар Златана Ібрагімавіча. Матчы ў адказ адбудуцца 11 сакавіка. Ліга чэмпіёнаў працягнецца сёння гульнямі „Шальке-04” – „Рэал” і „Базэль” – „Порту”.
Беларускае Радыё Рацыя