Пінск рыхтуецца прыняць Чэмпіянат свету па футзале



Міжнароднае спаборніцтва адбудзецца з 17-га па 25-га красавіка 2015 года. Беларусь стала трэцяй краінай Еўропы, якая прыме Чэмпіянат свету па футзале. Звычайна гэтае спаборніцтва ладзіцца ў Лацінскай Амерыцы, дзе і нарадзіўся футзал у сярэдзіне 1930-х гадоў.

У Пінску створаны адпаведныя ўмовы, якія спрыяюць развіццю лаціна-амерыканскага віду спорту на Палессі. Толькі завершыўся пінскі гарадскі турнір па футзале, распавёў адзін з удзельнікаў Аляксандр Сахарчук:

У гэтым годзе, як ніколі раней, турнір быў вельмі напружаны. Пяць дружын змагаліся за першае месца. І вось у час апошняй гульні вырашыўся лёс залатых медалёў. Турнір прыцягвае ўвагу вялікай колькасці гледачоў. Самае цікавае, што ў сёлетнім турніры гулялі іншыя гарады – геаграфія гэтага віду спорту пашыраецца.

Акрамя Пінска, чэмпіянат свету па футзале–2015 прымуць Берасце, Менск, Маладэчна ды Барысаў. Падрыхтоўка да спаборніцтваў знаходзіцца пад кантролем міністра спорту і турызму.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота kff.kz