“Пляжнікі” прайгралі італьянцам, але выйшлі ў суперфінал Еўралігі
Зборная Беларусі па пляжным футболе выйшла ў суперфінал Еўралігі. У апошнім паядынку этапу ў італьянскай Катаньі беларусы саступілі італьянцам у серыі пасляматчавых пенальці. Па ходу гульні беларускія футбалісты двойчы вялі ў ліку – 1:0 і 2:1, але да фінішу асноўнага часу сапернікі здолелі лік зраўняць. У авертайме забітых мячоў не было, а ў серыі пенальці поспех быў на баку італьянцаў – 3:2. Да гэтага беларусы абыгралі каманды Францыі – 4:1 і Нямеччыны – 3:2. Суперфінал Еўралігі пройдзе з 5 па 8 верасня ў партугальскім горадзе Фігейра-да-Фош. За ўзнагароды паспрачаюцца 8 лепшых дружын Старога Свету: Беларусь, Італія, Іспанія, Швейцарыя, Украіна, Партугалія, Расtя і Турцыя. У мінулым сезоне беларусы занялі 5-е месца, золата заваявалі італьянцы.
Кауціньё на правах арэнды перайшоў у «Баварыю»
Паўабаронца Філіпэ Кауціньё перайшоў з „Барселоны” ў „Баварыю” на правах арэнды. Тэрмін арэнднага пагаднення разлічаны на адзін сезон. Гулец паспяхова прайшоў медагляд у нядзелю. „Баварыя” будзе валодаць правам выкупа гульца пасля заканчэння тэрміну арэнды. Фінансавыя дэталі дамовы не выдаюцца. Раней паведамлялася, што „Баварыя” заплаціць за арэнду Кауціньё 20 мільёнаў еўра, а опцыя выкупу складзе 120 мільёнаў. За „Барселону” бразілец правёў 76 матчаў і забіў 21 гол.
Юніёры здабылі тры бронзы на чэмпіянаце свету па барацьбе
Беларускія атлеты заваявалі тры бронзавыя ўзнагароды на юніёрскім чэмпіянаце свету па грэка-рымскай барацьбе ў Таліне. Выступаючы ў вагавай катэгорыі 82 кг, на трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўзняўся беларус Максім Бандарэнка. У сутычцы за бронзавы медаль ён апынуўся мацней за іранскага барацьбіта. Яшчэ адзін беларус Уладзіслаў Пусташылаў у вазе 97 кг стаў трэцім на юніёрскім сусветным форуме разам з туркам Бейтулой Кайсідагам. На трэцюю прыступку п’едэстала гонару ўздымаўся таксама беларус Ігар Ярашэвіч у вагавай катэгорыі 87 кг.
Беларускія грацыі выйгралі бронзу і срэбра на хатнім этапе Кубка свету
Беларускія спартоўкі заваявалі бронзавы і срэбраны медалі на этапе Кубка свету БСБ-Банк па мастацкай гімнастыцы ў Менску. Спаборніцтвы праводзіліся ў Палацы мастацкай гімнастыкі. У групавых практыкаваннях у кампазіцыі з абручамі і булавамі беларускія спартоўкі занялі другое месца, суддзі ацанілі іх выступ у 28,450 бала. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў гэтай дысцыпліне паднялася зборная Балгарыі. Бронзавы медаль дастаўся ўкраінскай камандзе.
Сабаленка засталася 9-й ракеткай планеты
У абноўленым рэйтынгу Сусветнай тэніснай асацыяцыі ад 19 жніўня беларуска Арына Сабаленка па-ранейшаму займае 9-е месца. Лідарам засталася японка Наомі Осака, яе пераследуюць аўстралійка Эшлі Барці і чэшка Караліна Плішкава, якія займаюць месцы ў першай тройцы.
«Зубры» пройдуць рэбрэндынг
Менскае «Дынама» пачне новы сезон КХЛ з новым лагатыпам і формай. Каманду чакае самы маштабны рэбрэндынг ў яе гісторыі. Таксама «Дынама» некалькі зменіць клубныя колеры. Зубр пры гэтым застанецца сімвалам каманды. Распрацоўкай новага лагатыпа і формы будзе займацца расtйская Queberten, якая стала аўтарам рэбрэндынгу клубаў чэмпіянату Беларусі, а таксама займалася новым дызайнам для клубаў КХЛ «Амур» і «Адмірал». Цяперашні лагатып з нязначнымі зменамі існуе з 2010 года, калі вакол галавы зубра з’явіўся надпіс «Хакейны клуб «Дынама-Мінск». Што тычыцца формы, то яна змянілася ў 2016 годзе, як раз у той год, калі змяніўся шрыфт надпіса на лагатыпе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя