Польшча перамагла Ізраіль, Левандоўскі б’е рэкорды



Зборная Польшчы прымала каманду Ізраіля ў рамках чацвёртага тура адборавага раўнда Еўра-2020. Чырвона-белыя ўпэўнена перамаглі, забіўшы чатыры мячы ізраільцянам і не прапусціўшы ніводнага гола ў сваю браму. Забітыя мячы на свой рахунак запісалі Кшыштаф Пёнтек, Роберт Левандоўскі, Каміл Грасіцкі і Дам’ян Кондзер. Падначаленыя Ежы Бжэнчэка працягваюць аднаасобна ўзначальваць групу G з 12 ачкамі пасля чатырох гульняў. Адзначым, што капітан зборнай Польшчы Роберт Левандоўскі пасля гэтай гульні ўзначаліў спіс бамбардзіраў нацыянальнай каманды. Для нападніка гэтая гульня стала 106-й у складзе нацыянальнай каманды. Па гэтым паказніку ён параўняўся з Кубай Блашчыкоўскім. Левандоўскі гуляе за зборную Польшчы з 2008 года. Таксама не менш за 100 гульняў за нацыянальную каманду правялі Міхал Жэўлакаў і Гжэгаж Лята.

Сярод іншых вынікаў адборавых матчаў адзначым мінімальную перамогу украінцаў над зборнай Люксембурга 1:0 – ужо на 6-й хвіліне гол забіў Раман Ярэмчук. Зборная Славеніі разграміла ў гасцях Латвію 5:0. Літоўцы  ў Бялградзе прайгралі Сербіі 0:3. Чэхія з такім жа лікам разграміла Чарнагорыю, а Гішпанія – Швецыю. Зборная Беларусі свой матч 4-га тура ў групе С правядзе сёння на поле „Барысаў-Арэны” супраць каманды Паўночнай Ірляндыі. Гульню ў Барысаве будзе судзіць брыгада аўстрыйскіх арбітраў на чале з Харальдам Лехнэрам.  Беларусы выйдуць на гульню, маючы ў пасіве тры паразы, а іх супернікі з’яўляюцца лідарамі групы С, святкаваўшы тры перамогі. Адну з іх паўночнаірляндцы здабылі ў хатняй сустрэчы з беларусамі – 2:1. Сустрэча на полі „Барысаў-Арэны” пачнецца ў 21.45. Пасля заканчэння гульні для заўзятараў будуць арганізавана бясплатная электрычка ў Менск, а таксама аўтобусы, якія затым развязуць менчукоў па спальных раёнах сталіцы.

Драздоўская прывязе срэбра з Марсэля

Лідар нацыянальнай каманды Беларусі па ветразевым спорце Таццяна Драздоўская заваявала срэбраны медаль у класе яхт „Лазер-Радыял” у фінале Кубка свету па парусным спорце, які прайшоў у французскім Марсэлі. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася спартоўка з Літвы Вікторыя Андрула. Бронзавы медаль дастаўся яхцменцы з Харватыі Алене Вараб’ёвай. Фінал Кубка свету ў Марсэлі сабраў больш за 300 спартоўцаў, якія змагаліся за перамогу ў розных класах яхт.

Марозава вылецела з турніру ў Нілэрляндах

Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і аўстралійка Сторм Сандэрс прайгралі ў першым раўндзе парнага разраду турніру ў нідэрландскім Хертогенбосэ. У матчы 1/8 фіналу беларуска-аўстралійская пара саступіла чэшскаму дуэту Барбары Штэфкавай / Крысціне Плішкавай – 2:6, 6:1, 8:10. Дзясятая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка стартуе ў адзіночным разрадзе гэтага турніру. У першым раўндзе яе суперніцай будзе аўстралійская тэнісістка Дэстані Аява.

“Голдэн Стэйт» зноў страціў Дзюранта, але перамог «Таронта»

У пятым матчы фінальнай серыі плэй-оф НБА дзеючы чэмпіён „Голдэн Стэйт” дамогся цяжкай перамогі над „Таронта” 105:106 на канадскім паркеце. Статыстыка Стэфа Кары – 31 ачко + 8 падбораў + 7 перадач. Кевін Дзюрант вярнуўся ў склад пасля траўмы, аднак у пачатку другой чвэрці здарыўся рэцыдыў і ён пакінуў арэну.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя