Польшча прайграла Сенегалу



На мундыялі завяршыўся першы круг спабору. Усе зборныя прадэманстравалі свае візітоўкі. Прыемна, што па выніках стартавага раўнду не зафіксавана аніводнай нулявой нічыі.

Пачатак сустрэчы Калумбіі з Японіяй выдаўся проста катастрафічным для паўднёваамерыканцаў. Ужо на 3-й хвіліне яны пазяхнулі імклівую контратаку японцаў і Карлас Санчас быў змушаны адбіваць мяч рукой у сваёй штрафной пляцоўцы. Славенскі арбітр Дамір Скаміна бязлітасна выдаліў парушальніка і прызначыў пенальці. Лідар самураяў Сіндзі Кагава разабраўся з брамнікам Давідам Аспінам як з хлопчыкам. Рулявы калумбійцаў аргенцінскі спецыяліст Хасэ Пекерман прыглядзеўся да развіцця сітуацыі далей і ўрэшце змушана памяняў аднаго з лідараў каманды Хуана Куадрада. Калумбія не склала рукі і ў меншасці насядала на абарону азіятаў. Урэшце Хуан Кінтэра пры выкананні штрафнога перахітрыў і сценку і брамніка, тэхнічна адправіўшы “пасылку” нізам – галкіпер Эйдзі Кавасіма выграб мяч ужо з-за лініі брамы. Такім чынам на перапынак пайшлі пры 1:1.

Пасля адпачынку японцы рэзонна пастанавілі шукаць шчасця ў атацы і сталі ціснуць апанентаў. Урэшце выйшаўшы на замену ветэран Кейсуке Хонда ўдала выканаў корнер, а Юя Осака галавой падрэзаў мяч у сетку. А вось джокер калумбійцаў Хамес Радрыгес, які таксама з’явўся на полі ў другім тайме, свой шанец змарнаваў.

Калумбія – Японія – 1:2 (Кагава, 6 хв., з пенальці; Хуан Кінтэра, 39, Осака, 73 хв.)

Польшча і Сенегал у Маскве закрывалі праграму першага туру. Адам Навалка мусіў шукаць замену ключавому траўмаванаму абаронцу Камілю Гліку – урэшце выбар паў на значна менш ведамага Ціяга Цёнека. 100-ы матч за рэпрэзентацыю Польшчы праводзіў у гэты дзень Якуб Блашчыкоўскі. Сенегальцамі на гэтым мундыялі дырыжуе імпазантны Алью Сісэ, які капітаніў як гулец на незабыўным і паспяховым для афрыканцаў чэмпіянаце 2002 года (там Сенегал гераічна дайшоў да чвэрцьфіналу). У першым тайме было шмат атлетычнага змагання, а гульня ішла амаль без брамы. На фактурны тандэм форвардаў Левандоўскі-Мілік у афрыканцаў таксама знайшлася пара гігантаў кшталту Каліду Кулібалі. З іншага боку палякі паспяхова з’ядалі лідара сенегальцаў Садыё Мане. Але на 39-й хвіліне для “бялэ-чэрвоных” здарылася няшчасце. Пасля пазіцыйнай “абрэзкі” Пішчака ў цэнтры поля “ільвы Тэрангі” імкліва разыгралі двуххадоўку, а пасля ўдару Гуе мяч трапіў у нагу Цёнеку і заляцеў у сетку.

У пачатку другога тайма добра выконваў штрафны Левандоўскі – сенегальцаў уратаваў брамнік. А на 60-й хвіліне палякі фактычна самы арганізавалі сабе гол – у выніку непаразумення іх дэфензівы Мбай Ньянг закаціў мяч у асірацелую браму. 

У самым эндшпілі Гжэгаш Крыховяк пасля розыгрышу штрафнога галавой эфектна адыграў адзін гол. Арганізаваць, аднак, належны фінальны штурм еўрапейцам ужо не ўдалося.

Польшча – Сенегал – 1:2 (Крыховяк, 86 хв; Цёнек, 37, аўтагол, Ньянг, 60 хв.)

Беларускае Радыё Рацыя