Польшча страціла шанцы на 1/8-ю фінала
У нядзелю на чэмпіянаце свету прайшлі тры матчы. Англія забяспечыла сабе выхад у плэй-оф, Польшча страціла ўсе шанцы на выхад туды.
Сустрэча Англіі з Панамай пачалася неяк сумбурна і нават нервова. Калумбійскі трэнер цэнтральнаамерыканцаў Эрнан Гомес выставіў той жа склад, што і ў першай гульні. Яго візаві – элегантны Гарэт Саўгейт толькі змушана памяняў траўмаванага Дэле Аллі на менш ведамага паўабаронца Рубена Лофтус-Чыка.
Брытанцам давялося змагацца не толькі з супернікам, але і з нязвыклай для іх спёкай. Першы востры момант стварылі панамцы, але Анібаль Гадой няздарна распарадзіўся мячом. Неўзабаве іх супернікі адказалі тыпова ў брытанскім стылі – пасля падавання корнера дэф ангельцаў Джон Стоўнз галавой, нібы з прашчы камень, даслаў снарад у сетку. А ўжо на 22-й хвіліне лёс рандэву быў фактычна вырашаны. Паніка ў штрафной панамцаў прывяла да пенальці і праз паўзу Хары Кейн смачна закалаціў свой трэці гол на турніры. Далей гарматным стрэлам пад папярэчыну парадаваў прыхільнікаў каманды “трох ільвоў” Джэс Лінгард. А Стоўнз давёў справу да разгрому. Панама рассыпалася як картачны домік.
Адзначым хет-трык Хары Кейна, які з 5 галамі выбіўся ў лепшыя снайперы турніру. Шчасцю заўзятараў экзатычнай каманды ў другім тайме не было мяжы, калі пры ліку 0:6 сваё прозвішча ў аналы гісторыі ўпісаў Феліпе Балой – першы гол панамцаў на мундыялях.
Англія – Панама – 6:1 (Стоўнз, 8, 40, Кейн, 22, 45, абодва з пенальці, 62 Лінгард, 36; Балой, 78)
Становішча ў групе “С”: Англія – 6 ачкоў (мячы 8-2), Бельгія – 6 (8-2), Туніс – 0, Панама – 0. У апошнім туры еўрапейцы размяркуюць паміж сабой дзве першыя пазіцыі.
Сенегальцы з першых хвілін імкнуліся затушыць узыходнае японскае сонца. Тактыка такога агрэсіўнага наступу апраўдала сябе цалком. Пару недарэчных памылак абаронца і галкіпера “самураяў”правяла да таго, што ад падкруціўшагася Садыё Манэ мяч заляцеў у сетку Кавасімы. Аднавіць парытэт азіятам удалося на 34-й хвіліне: Юта Нагатома фінтом абдурыў двух абаронцаў, а падаспеўшы Такасі Інуі “шчотачкай” эфектна падрэзаў мяч у далёкі кут сенегальскай брамы.
У другой палове спаткання абодва супернікі ганяліся за “жураўлём у небе”. Японцам не пашанцавала – пасля атакі таго ж Інуі мяч трапіў у каркас брамы. А вось “ільвы Тэрангі” свой момант не ўпусцілі – Муса Ваге уклаў у голавы стрэл і сілу і душу. У такі крытычны момант Акіра Нісіна кінуў у бой з лаўкі даўняга праверанага джокера – Кейсуке Хонду. Той надзвычай хутка апраўдаў давер і параўняў лічбы на табло. Не абышлося тут без асіста Інуі, лепшага ў гэты дзень гульца на полі.
Японія – Сенегал – 2:2 (Інуі, 34, Хонда, 78; Манэ, 11, Ваге, 71)
Вынік папярэдняга матчу ў групе “Н” змушаў Калумбію і Польшчу гуляць на перамогу. У стартавай абойме, выбранай Адамам Навалкам з’явіліся ажно чатыры новыя персанажы: Ян Беднарак, Яцак Гуральскі, Барташ Берашыньскі і Давід Каўнацкі. Польская рэпрэзентацыя пастаралася ўзмацніць цэнтр абароны і дадаць моцы атацы. На жаль, нічога з гэтага не атрымалася.
Першы тайм прайшоў без асаблівай вастрыні. На полі было шмат працы і мала крэатыву. Крыху настойлівейшымі былі калумбійцы, найперш за кошт актыўнасці на правым фланзе Хуана Куадрада. На саракавой-ракавой хвіліне просценькая камбінацыя, разыграная паўднёваамерыканцамі дала свой вынік: пасля кароткага мяккага навесу барселонскі абаронец Еры Міна, якога не паспеў закрыць Беднарак, адрасаваў мяч у браму.
У другой палове польская дружына стварыла адзін момант, але Левандоўскі не змог прабіць Давіда Аспіну. Калумбійцы разыгрывалі квадраты і вычэквалі свайго шанцу. На 69-й хвіліне ён здарыўся і Радамель Фалькао зняў усе пытанні. Хутка калумбійцы арганізавалі яшчэ адзін “расстрэл” няшчаснага Шчэнснага. Пацвердзілася статыстыка – трэнер “жоўта-сініх” Хасэ Пекерман ніколі з імі не прайграваў еўрапейскім зборным. Польшча заўчасна пакіне мундыяль.
Польшча – Калумбія – 0:3 (Міна, 40, Фалькао, 69, Х. Куадрада, 75)
Становішча ў квартэце “Н” зараз такое: Сенегал і Японія маюць па 4 ачкі з аднолькавай розніцай мячоў 4-3, Калумбія – 3 (4-2), Польшча – 0 (1-5).
У панядзелак будуць згуляныя ажно чатыры матчы трэцяга туру. У групе “А” будзе вызначацца пераможца квартэту ў вочным спаборы расейцаў з уругвайцамі. Матч у Самары пачнецца а 17.00. Гаспадароў турніру, у якіх лепшая розніца мячоў, задаволіць і нічыя. Паралельна пройдзе суцяшальны спабор дзвюх арабскіх дружын – Савудаўскай Арабіі і Егіпта – матч будзе мець чыста фармальны характар.
Куды больш высокі градус напругі чакаецца ў групе “В”, дзе тры калектывы прэтэндуюць на выхад у 1/8-ю фіналу. Тут матчы стартуюць а 21-й гадзіне. У Іспаніі з Партугаліяй пакуль абсалютна ідэнтычныя паказнікі. Не выключана, што яны ўжо будуць выбіраць сабе суперніка ў наступным раўндзе. Для выхаду далей чэмпіёнам Еўропы дастаткова не прайграць непасрэднаму канкурэнту Ірану. Аналагічна Іспаніі трэба не саступіць куды менш матываваным мараканцам.
Беларускае Радыё Рацыя