Польшча, Уэльс і Партугалія выйшлі ў чвэрцьфінал



У суботу на Еўра вызначыліся тры чвэрцьфіналісты турніру. Імі сталі дружыны Польшчы, Уэльсу і Партугаліі.

Высвятленне выніку спабору паміж Польшчай і Швайцарыяй расцягнулася па максімуме. Палякі выйгралі пралог у выглядзе выканання нацыянальных гімнаў – белы-чырвоныя натхнёна спявалі, пераважная бальшыня ж швайцарскіх рэкрутаў маўчала. Дамінавалі выхаванцы Адама Навалкі ў першым тайме і на полі. Адразу па традыцыі не скарыстаўся дабіваннем Мілік. Найбольш жа актыўнічаў на сваёй пазіцыі маторны хаўбек Каміль Грасіцкі. Адзін з яго прарываў і прывёў да голу – Куба Блашчыкоўскі атрымаў мяч на правым фланзе і без перашкодаў прабіў Яна Зоммера. Што датычыць Левандоўскага, то ён апынуўся пад персанальнай і празмерна жорсткай апекай апанентаў, “крыжакі” дзеілі бесцырымонна і білі снайпера па нагах, а аднойчы нават па галаве. На 53-й хвіліне Блашчыкоўскі зноў ледзь не дасягнуў поспеху – швайцарцаў уратаваў брамнік. А прыблізна з 70-й хвліны пачаўся пералом у характары гульні. Неўзабаве Радрыгес гарматна стрэльнуў са штрафнога – Фабіяньскі здзейсніў магчыма найбольш эфектны сэйв Еўра. Але і ён быў бяссільны, калі Джэрдан Шачыры “рэзануў нажніцамі” – гол экстра-класу! Рэшту асноўнага часу і дадатковыя таймы швайцарцы былі куды мабільнейшымі, польскія ж гульцы неяк задыхаліся і пераважна адбіваліся. Аднак менавіта яны бездакорна на сілу выканалі ўсе пяць пенальці, не пакінуўшы малейшага шанцу Зоммеру. Фабіяньскі ж 5 разоў упаў не туды, аднак дастаткова было і промаху Джакі. Так Польшча ўпершыню ў гісторыі выйшла ў чвэрцьфінал кантынентальнага першынства.

Швайцарыя-Польшча-1:1 (Джэрдан Шакіры, 82; Якуб Блашчыкоўскі, 39), па пенальці 4-5.

Змаганне брытанскіх прэтэндэнтаў было куды менш яркім і завяршылася мінімальнай працоўнай вікторыяй Уэльса. Да перапынку валійцы аднойчы забілі, праўда з афсайду – арбітры справядліва анулявалі гэтае фіктыўнае дасягненне. Да вырашальнага голу спрычыніўся Гарэт Бэйл – менавіта яго філігранна завостраная перадача прывяла да аўтаголу. Вінаваціць Гарэта Маколі ў гэтым ня варта, каб не ён, прастрэл быў бы замкнуты супернікам. Фінальны навал паўночных ірляндцаў плённым ня стаў.

Уэльс-Паўночная Ірляндыя-1:0 (Гарэт Маколі, аўтагол, 75).

Познім вечарам выйшлі на газон партугальцы з харватамі. Яркая шыльда не спраўдзіла чаканні такога ж спектаклю. Нуль удараў у створ брамы за два таймы – найбольш яскравая характарыстыка паядынка. Супернікі значна скарэктавалі свае склады і сустракалі адзін аднаго высокім прэсінгам. Пры тым балканцы куды больш кантралявалі мяч, а іспанскі арбітр не зніжаў градус сілавой барацьбы. Пасля антракту пайшло крыху весялей. Харваты імкнуліся выйграць у асноўны час, але пірэнейцы давялі свой 4-ы матч запар да нічыі. У дадатковы час “шахматныя” гулялі куды вастрэй, але прапусцілі фатальную контратаку. Удар Крышціяну Раналду галкіпер Субашыч парыраваў, але Рыкарду Кварэшма галавой дабіў мяч у сетку. Антыфутбол партугальцаў прынёс ім чаканы вынік. Так Еўра пакінула Харватыя – адна з цікавейшых дружын чэмпіянату.

Харватыя-Партугалія-0:1 (Рыкарду Кварэшма, 117).

У чвэрцьфінале Партугалія сустрэнецца з Польшчай.

У нядзелю чэмпіянат непазбежна пакінуць яшчэ тры зборныя. Спярша ў Ліёне гаспадары першынства французы прымуць яршыстую каманду Ірляндыі. У кельтаў старыя і справядлівыя крыўды за мінулае. Многія памятаюць як у стыку за права выступіць на мундыялі ў Паўднёвай Афрыцы Цьеры Анры забіў мяч рукой і пазбавіў ірляндцаў законнага права. Настала пара рэваншу? Паміж сабой супернікі ў гісторыі маюць амаль роўны баланс.

Другі паядынак адбудзецца ў Лілі, дзе спаткаюцца чэмпіёны свету немцы і дзёрзкія дэбютанты Еўра славакі. Займальна, што перад самым чэмпіянатам апаненты нібы правялі генеральную рэпетыцыю, прычым на полі суперніка верх узялі славяне. Але канешне таму выніку трэба надаваць чыста сімвалічнае значанне.

Завершаць дзень у Тулузе каманды Венгрыі і Бельгіі. Мадзьяры ўжо нарабілі шуму на палях Францыі і не супраць пайсці далей. Бельгійцам жа пара пацвярджаць свой высокі статус не толькі вынікам, але і змястоўнай гульнёй, чаго пакуль не назіралася.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя