Польшча выдала Ціманоўскай гуманітарную візу (абнаўляецца)
Польскае пасольства ў Японіі выдала беларускай лёгкаатлетцы Крысціне Ціманоўскай гуманітарную візу.
„Беларуская атлетка Крысціна Ціманоўская знаходзіцца на прамой сувязі з польскімі дыпламатамі ў Токіа. Яна атрымала гуманітарную візу. Польшча зробіць усё, каб дапамагчы ёй працягнуць спартыўную кар’еру. Польшча заўсёды за салідарнасць”, — напісаў намеснік міністра замежных спраў краіны Марцін Пшыдач у „Твітэры”.
1 жніўня Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі паведаміў, што трэнерскі штаб нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы прыняў рашэнне спыніць выступленне Ціманоўскай на Алімпіядзе-2020 у Токіа: „Згодна з заключэннем урачоў, у сувязі з эмацыйна-псіхалагічным станам беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай трэнерскім штабам нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы прынятае рашэнне аб спыненні выступлення спартсменкі на гульнях XXXII Алімпіяды. Такім чынам, адкліканая заяўка спартсменкі на ўдзел у кваліфікацыйных забегах на 200 м і ў эстафеце 4х400 м”.
Ціманоўскай купілі авіябілеты ў Мінск праз Стамбул і прывезлі ў такійскі аэрапорт. Там яна звярнулася ў паліцыю па дапамогу. Адносна заявы НАК спартсменка паведаміла, што дактары яе не абследавалі.
„Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт аб дапамозе, — сказала спартсменка ў відэазвароце, запісаным у аэрапорце. — На мяне быў зроблены націск і мяне спрабуюць вывезці з краіны (Японіі.) без маёй згоды. Таму я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт умяшацца ў гэта”.
Увечары 1 жніўня прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэта паведаміла, што МАК і аргкамітэт Алімпійскіх гульняў у Токіа знаходзяцца ў кантакце з Ціманоўскай, якая на той момант была ў аэрапорце Ханэда.
Марцін Пшыдач сёння ноччу напісаў у „Твітэры”, што Польшча „гатовая дапамагчы Крысціне Ціманоўскай, беларускай спартсменцы, якой рэжым Лукашэнкі загадаў вярнуцца з Алімпійскіх гульняў у Мінск. Ёй прапанавалі гуманітарную візу, і яна можа працягнуць сваю спартыўную кар’еру ў Польшчы, калі захоча”.
Муж Ціманоўскай выехаў з Беларусі ў Кіеў, паведаміў у эфіры „Эха Москвы” сузаснавальнік Sports.ru Дзмітрый Навоша.
У канцы ліпеня Незалежны орган па барацьбе з негатыўнымі з’явамі ў лёгкай атлетыцы (AIU) не дапусціў да ўдзелу ў Гульнях 20 спартсменаў, у тым ліку трох беларусаў, з-за недастатковай колькасці допінг-пробаў (мінімум тры допінг-пробы неабходна было здаць на працягу дзесяці месяцаў перад Алімпіядай у Токіа). Адхіленне беларусак Ганны Міхайлавай і Крысціны Мулярчык ад удзелу ў эстафеце 4 па 400 метраў паставіла пад пытанне ўдзел зборнай у спаборніцтвах 5 жніўня. Кіраўнікі каманды на вызваленыя месцы паставілі Эльвіру Герман і Крысціну Ціманоўскую, якія спецыялізуюцца на стаметроўках.
Ціманоўская ў сацсетках рэзка адрэагавала на такое рашэнне спартыўных чыноўнікаў, што стала прычынай крытыкі лёгкаатлеткі на дзяржтэлебачанні і праўладных старонках у сацсетках.