Польскі хакейны клуб вырашыў звольніць усіх расейцаў і беларусаў



Беларускі абаронца Сяргей Багалейша пакінуў польскі клуб «Ястшэмбе». Гэта звязана з рашэннем кіраўніцтва клуба звольніць хакеістаў з Беларусі і Расеі з-за вайны ва Украіне. Нагадаем, што з 24 лютага ідзе вайна ва Украіне, якую развязала Расея пры ўдзеле Беларусі. Беларус перайшоў у польскую каманду перад пачаткам сезона 2021/22. Па выніках чэмпіянату Багалейша стаў адным з найлепшых абаронцаў. За 30 матчаў рэгулярнага чэмпіянату беларускі абаронца набраў 17 (4+13) балаў, а ў плей-оф у 12 матчах змог набраць 13 (4+9) балаў. У выніку беларус стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату разам з «Ястшэмбе».

Мінскія „Цмокi” завяршылі сезон Адзінай лігі ЗГБ

Баскетбалісты „Цмокі-Менск” завяршылі свой 12-ы сезон у Адзінай лізе ВТБ. У сваім апошнім матчы менскія „Цмокi” саступілі ЦСКА з лікам 54:101 (24:27, 13:25, 13:20, 4:29). Самымі выніковымі ў складзе беларусаў сталі Яўген Бялянкоў (18 ачкоў, 4 падборы, 1 перадача) і Уладзіслаў Блізнюк (14 ачкоў, 1 падбор, 4 перадачы).

Максім Сушко стаў другой зоркай, Аляксей Протас набраў два ачкі

У АХЛ (другая па сіле прафесійная ліга Амерыкі) адбыўся чарговы тур. „Ліхай Вэлі Фантомс” у авертайме саступіў „Брыджспорту” з лікам 1:2. У тых, хто прайграў, беларускі форвард Максім Сушко закінуў адзіную шайбу. Яго прызналі другой зоркай матча. У яго актыве ў гэтым сезоне 17 (10+7) балаў у 57 гульнях.

„Уілкс-Бэры” ў авертайме абыграў „Хершы Беарз” з лікам 3:2. У тых, хто прайграў, беларускі форвард, Аляксей Протас набраў 2 (0+2) ачкі. У яго актыве ў гэтым сезоне АХЛ 22 (7+15) балы ў 37 гульнях.

Зінедзін Зідан прыярытэтны кандыдат на пасаду галоўнага трэнера „ПСЖ”

Зінедзін Зідан з’яўляецца галоўным фаварытам „ПСЖ” на пасаду трэнера. Французскі спецыяліст ужо нібыта сустракаўся з кіраўніцтвам каманды і вывучае прапанову „ПСЖ”, але ён хацеў бы ўзначаліць зборную Францыі. 49-гадовы трэнер застаецца без працы з моманту сыходу з „Рэала” ў траўні 2021 года.

Беларускае Радыё Рацыя