Прабег “Дружба” адбыўся з невялікімі праблемамі
На дзясятым міжнародным лёгкаатлетычным прабегу „Дружба” спартоўцы стартавалі два разы. З нейкіх прычынаў на адрэзку з пунктам пропуску “Варшаўскі мост” між Беларуссю і Польшчай удзельнікам упершыню за гісторыю мерапрыемства давялося не бегчы, а ехаць аўтобусам. Сітуацыю пракаментаваў Лукаш Пагжэльскі з Гарадскога асяродка культуры ў Тэрэспалі, які даваў старт прабегу:
– Мы арганізавалі прабег з нашымі партнёрамі з Берасця загадзя, за некалькі тыдняў. І ўсё было добра. Узнікла праблема з “эміграцыйкамі”, якія не прыйшлі своечасова. Я, не ведаючы такіх акалічнасцяў, да якіх нават не маю дачыненне, даў старт. Партнёры з Берасця хацелі, каб усё атрымалася добра, бо гэта супольная справа. Наколькі я ведаю, дазволу не далі з Менску.
Нягледзячы на неспадзяванку з аўтобусам, мерапрыемства адбылося і фінішавала на тэрыторыі спартыўнага комплексу “Брэсцкі” – хатнім стадыёне берасцейскага “Дынама”.
Прабег “Дружба” – традыцыйны івэнт, арганізатарам якога выступаюць мясцовыя ўлады Польшчы ды Беларусі. Старт яго пачаргова змяняецца з Тэрэспаля на Берасце і наадварот. На час праходжання трасы для аўтамабільнага руху перакрываюцца магістралі горада.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота brestcity.com