Свабоднае аб’яднанне спартоўцаў запатрабавала прыпыніць сяброўства Беларусі ў МАК
Прадстаўнікі Свабоднага аб’яднання спартоўцаў патрабуюць прыпыніць членства Беларусі ў Міжнародным алімпійскім камітэце. Адпаведны адкрыты ліст накіраваны ў МАК 7 кастрычніка.
У ім атлеты звяртаюць увагу на шматлікія выпадкі арыштаў, націску і звальненняў заслужаных спартсменаў і спартыўных чыноўнікаў краіны, паведамляе аб’яднанне.
Падпісанты ліста, сярод якіх такія зоркі спорту, як Кацярына Сныціна, Яўген Цуркін, Аляксандра Герасіменя, Сцяпан Папоў, таксама адзначылі, што сваімі дзеяннямі Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі груба парушае прынцыпы Алімпійскай хартыі, не звяртаючы ўвагі на факты гвалту, катаванняў, пагроз і дыскрымінацыі.
У якасці прыкладу яны прыводзяць сітуацыю з арыштам баскетбалісткі Алены Леўчанкі, арыштаванай на 15 сутак за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Атлеты папрасілі МАК правесці „належнае расследаванне фактаў дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненні да беларускіх спартсменаў”. Акрамя гэтага, яны прапанавалі прыняць меры ў дачыненні да НАК Беларусі, прадугледжаныя Алімпійскай хартыяй. У прыватнасці, прыпыніць фінансаванне членства Нацыянальнага камітэта ў МАК да нармалізацыі сітуацыі.
У лісце таксама ўтрымліваецца просьба дапамагчы спартсменам, якія пацярпелі ад незаконнай дыскрымінацыі, удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах пад эгідай МАК.
Адзначаецца, што зварот не застаўся незаўважаным: у парадак дня пасяджэння выканаўчага савета МАК ужо паставіў пытанне аб сітуацыі ў Беларусі. Чакаецца, што Міжнародны алімпійскі камітэт прыме заяву ў дачыненні да НАК Беларусі ў найбліжэйшыя дні.
Ініцыятыва „Свабоднае аб’яднанне спартсменаў Беларусі” створаная ў пачатку верасня вядомымі беларускімі спартсменамі супраць гвалту і самавольства ў краіне. 25 верасня ініцыятыва апублікавала відэазварот, у якім вядомыя спартсмены казалі пра тое, што „дзяржаўныя органы штодня і паўсюдна парушаюць Канстытуцыю, законы і Алімпійскую хартыю і базавыя правы чалавека — людзей запалохваюць, затрымліваюць, рэпрэсуюць і катуюць”. Яны заклікалі сваіх „калег-спартсменаў, балельшчыкаў і ўсіх людзей на планеце” стаць на іх бок „у гэтай вайне паміж дабром і злом”.
У жніўні беларускія спартсмены і прадстаўнікі спартыўнай галіны краіны напісалі адкрыты ліст, адрасаваны ўладам Беларусі. У ім яны катэгарычна асудзілі „шматлікія факты фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта” і праявы гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Падпісанты заклікалі „вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, спыніць супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў”. Спартсмены выказалі гатоўнасць адмовіцца ад выступленняў за нацыянальную зборную. Пад лістом, які апублікавала газета „Прессбол”, падпісаліся больш за 650 спартсменаў і работнікаў галіны.