Прайшло лёсаванне Еўра-2016



У сталіцы Францыі Парыжы адбылося лёсаванне фінальнай часткі футбольнага турніру чэмпіянату Еўропы 2016. Паводле яго сфармаваліся наступныя групы: Група А Францыя Румынія Албанія Швайцарыя

Для гаспадароў турніру падабралася дастаткова стракатая кампанія. Фаварытам будзе бясспрэчна Францыя, якая ўдала выступае на сваіх палях. Пікантнасць спабору надае факт наяўнасці ў складзе гельветаў футбалістаў албанскага паходжання.

Група В Англія Расея Уэльс Славаччына

Адразу можна прагназаваць у гэтым квартэце найменш відовішчную гульню, што датычыць зместу. Расеі чарговы раз пашанцавала пры выцягванні лёсаў. З „матак” ёй трапіла Англія, а да яе ў дадатак яшчэ Уэльс. Даўно ж вядома, што расейцы могуць на роўных канкураваць менавіта з дружынамі ці клубамі брытанскага стылю. Іншая рэч, што ўласна футбольных козыраў у нашых усходніх суседзяў зусім няшмат. Адзін з іх – трэнерскі талент Леаніда Слуцкага. Англія адным тэмпам без малейшых праблем прайшла адборавы турнір і гэта можа адбіцца якраз негатыўна на камандзе „трох ільвоў”. Уэльс зараз будзе марыць пра рэванш за паразу ад маскоўцаў у прыснапамятным не так даўнім адборавым турніры. Ад славакаў не чакаюць вялікіх здзяйсненняў і гэта якраз на карысць Марэку Гамшыку і кампаніі.

Група С Германія Украіна Польшча Паўночная Ірляндыя

„Суседская” група, у якой іншародным целам глядзіцца брытанская каманда з Поўначы. Тэарэтычны менавіта гэтыя ірляндцы – галоўныя аўтсайдары ўсяго турніру. Польшча прадоўжыць  эпічны спабор з немцамі, а Роберт Левандоўскі пастараецца даказаць усім, што яго несправядліва не намінавалі ў тройку прэтэндэнтаў на „Залаты мяч” сёлета. Украіна дакладна ня будзе статыстам у змаганні менавіта за першыя два месцы.

Група D Іспанія Чэхія Турцыя Харватыя

Гранды-іспанцы праваліліся на мінулым мундыялі, а вось на Еўра напэўна рэабілітуюцца перад сваімі заўзятарамі. Спрагназуем „чырвонай фурыі” першае месца. Туркі з чэхамі змагаліся паміж сабой у адборавым турніры і ведаюць адны другіх як аблупленыя. Харваты скрайне невыразна прабівалі сабе шлях у Францыю, але гэта якраз тая дружына, якая здольна істотна дадаць. Падставай таму наяўнасць у складзе „шахматных” майстроў экстра-класу. Асабліва зацятай будзе бітва паміж Харватыяй і Турцыяй. Але не забудземся і пра тое, што чэхі ў цэлым традыцыйна ўдала гуляюць на першынствах кантыненту, маючы ў сваёй гісторыі нават чэмпіёнскі тытул.

Група Е Бельгія Італія Ірляндыя Швецыя

Геаграфічна дастаткова раскіданыя краіны ў бадай што найбольш роўнай групе. Фаварытамі лічацца бельгійцы, якія ў далёкім 1980-ым годзе былі віцэ-чэмпіёнамі Еўропы. З тае пары збегла шмат вады, цяперашняя Бельгія надзвычай шматнацыянальная і стракатая. Цікава будзе паназіраць і за выступам рэкардсменаў-бамбардзіраў сваіх дружын – Златана Ібрагімавіча з Швецыі і Робі Кіна з Ірляндыі, якія забілі больш чым па шэсць дзясяткаў мячоў і уваходзяць у спіс 10 лепшых снайпераў Еўропы ўсіх часоў. Найцяжэй тут прагназаваць стан апенінскай дружыны, якая ўсё ж перажывае дэфіцыт высокакласных майстроў і глядзіць у мінулае з настальгіяй.

Група F Партугалія Ісляндыя Аўстрыя Венгрыя

Сюды трапілі два „абломкі” гістарычнай Аўстра-вугорскай імперыі – яшчэ два суседа ў адным квартэце, гарачыя паўднёвыя партугальцы з іх непрадказальнасцю – альбо феерыя, як у далёкім 1984-ым, альбо інфантыльнасць, як на апошнім чэмпіянаце свету. Многія ўсміхнуцца са скепсісам, але рызыкну спрагназаваць першае месца ў гэтай групе дэбютанта Еўра – Ісляндыі. Па фізічных кандыцыях, моцы камандавага духу, роўнасці складу, планамернасці свайго ўзыходжання гэтая самая паўночная дружына здольная на многае.

Упершыню ў фінальным турніры выступяць 24 дружыны. Першынства кантыненту пройдзе ў гарадах Францыі з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2016 году. З групавога турніру ў наступную стадыю плэй-оф выйдуць па 2 мацнейшыя зборныя з кожнага квартэту, а таксама 4-ы лепшыя каманды з ліку тых, што апынуцца на трэцяй пазіцыі.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя