Правал футбольнага менскага “Дынама”



У выходныя стартаваў другі этап нацыянальнага футбольнага першынства Беларусі. Сапраўднае фіяска падпільнавала ў нядзелю сталічнае “Дынама”, якое на сваім полі разгромна прайграла салігорскаму “Шахцёру” 1:4. Пасля першага тайму на табло былі нулі, а вось пасля перапынку сапраўдны бенефіс зладзіў форвард салігорцаў Мікалай Януш (на фота) – цягам усяго чатырох хвілін ён дамогся хет-трыку. Нападнік забіваў на 48-й, 49-й і 52-й хвілінах. А на 60-й польскі легіянер “Шахцёра” Павал Вайцяхоўскі дабіў дэмаралізаваных супернікаў. Усё, што здолела “Дынама” – гэта ўратавацца ад ганебнай сухой паразы – на 73-й хвіліне серб Ненад Адамавіч забіў мяч прэстыжу.

Барысаўскі БАТЭ гуляў днём раней і таксама зазнаў ачковыя страты – на сваім полі чэмпіёны краіны разышліся баявым мірам з жодзінскім “Тарпедам” – 1:1. Галы тут на рахунку Філіпа Младэнавіча (6-я, з пенальці) і Сяргея Казекі (39-я). Такім чынам БАТЭ мае зараз пасля 23 тураў 52 ачкі, менскае “Дынама” на тры менш. У спісе лепшых бамбардзіраў першынства Мікалай Януш абышоў Сяргея Крыўца, у якога пасля ад’езду за мяжу засталося 10 галоў. У снайпера салігорцаў зараз 12 трапных стрэлаў.

Яшчэ адзін прэтэндэнт на бронзавыя медалі наваполацкі “Нафтан” асфальтавым катком прайшоўся па “Гомелі” – 5:1. Ачковым хет-трыкам тут вызначыўся Валерый Жукоўскі (два галы і выніковы пас). “Нафтан” набраў 40 пунктаў і на 5 ачкоў апярэджвае пераследніка – “Шахцёр”.

Матчы ў ніжняй шасцёрцы завяршыліся так: “Слуцк” – “Дынама” (Берасце) – 1:0, ФК “Менск” – “Белшына” (Бабруйск) – 1:1, “Нёман” (Гародня) – “Дняпро” (Магілёў) –  1:1.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя