Праз Беларусь пройдзе міжнародны велапрабег
Праз Беларусь пройдзе прысвечаны барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі велапрабег, паведамляе Беларускае веласіпеднае таварыства.
Міжнародны велапрабег Ride4women упершыню адбыўся ў 2014 годзе. Сёлета ён праходзіць цераз восем краін і сёння стартуе ў Таліне (Эстонія). Яго ўдзельнікі праедуць праз Рыгу (Латвія), Коўна (Літва), Менск, Люблін і Кельцэ (Польшча), Будапешт (Венгрыя), Браціславу (Славакія). Акцыя завершыцца ў Вене (Аўстрыя) 15 ліпеня. У беларускай сталіцы ў прабегу плануюць узяць удзел да 3,5 тысяч чалавек.
У Менску велапрабег стартуе 8 ліпеня ў 10:30 ад Нацыянальнай бібліятэкі і завершыцца каля Палаца спорту. Для веласіпедыстаў вызваляць ад аўтамабільнага руху першыя палосы двух галоўных праспектаў сталіцы — Незалежнасці і Пераможцаў. Далучыцца да прабегу можа любы ахвотны.
Мерапрыемства арганізавалі энтузіясты з розных краін: медыкі, навукоўцы, спартсмены, артысты, бізнесмены. У Беларусі асноўныя арганізатары акцыі — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі імя Аляксандрава і Міністэрства аховы здароўя пры падтрымцы МУС, МЗС, Мінінфарма, а таксама Еўрапейскага таварыства анкагінеколагаў. Кансультатыўную падтрымку арганізатарам аказвае Менскае веласіпеднае таварыства.
А 12-й гадзіне ля Палаца спорту адбудзецца канцэрт з удзелам выканаўцаў беларускай эстрады. Будзе працаваць кірмаш-продаж вырабаў рамеснікаў-анкапацыентаў.
Асноўная мэта акцыі — прыцягненне грамадскай увагі да здароўя жанчын.