Пражская „Славія” датэрмінова выйграла чэмпіянат Чэхіі
„Славія” датэрмінова выйграла чэмпіянат Чэхіі, перайграўшы „Вікторыю” (1:0). За тры туры да канца пражскі клуб стаў недасягальны для сваіх супернікаў.
„Вікторыя”, якая ідзе на другім месцы, адстае на 9 ачкоў, але саступае па дадатковых паказчыках. „Славія” выйграла нацыянальнае першынство ў другім сезоне запар. Гэты тытул стаў 6-м для клуба ў Чэхіі і 20-м, улічваючы перамогі ў чэмпіянаце Чэхаславакіі.
Абаронца моладзевай зборнай Беларусі Ілья Лукашэвіч трэніруецца з „Шахцёрам”
21-гадовы абаронца моладзевай зборнай Беларусі Ілья Лукашэвіч трэніруецца з салігорскім „Шахцёрам”. Паводле інфармацыі pressball.by, малады гулец прыбыў у „Шахцёр” з перспектывай заключэння кантракта. Апошнім клубам для Лукашэвіча быў сербскі „Пролетэр”.
Адбыліся першыя чвэрцьфіналы Кубка Беларусі па футболе сярод жаночых каманд
Першыя чвэрцьфінальныя паядынкі адбыліся ў розыгрышы Кубка Беларусі па футболе сярод жаночых каманд. Лідар нацыянальнага чэмпіянату менскае „Дынама-БДУФК” перайграў сярэбранага прызёра мінулага чэмпіянату футбалістак менскай „Зоркi-БДУ” з лікам 6:0. З такім жа вынікам гарадзенскі „Нёман” разграміў у гасцях выхаванак Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву. Больш упартым атрымаўся паядынак у Магілёве, дзе спартоўкі мясцовага „Дняпра” прымалі „Бабруйчанку”. Па ходзе сустрэчы гаспадыні двойчы вялі ў ліку – 1:0 і 2:1, але ў выніку не ўтрымалі нават нічыю, саступіўшы з вынікам 2:3. Матчы ў адказ за выхад у паўфінальную стадыю пройдуць 8 ліпеня.
У чэмпіянаце Беларусі будзе два трансферных акна
У гэтым сезоне ў чэмпіянаце Беларусі летняе трансфернае акно падзеляць на дзве часткі. Першае – з 29 чэрвеня па 12 ліпеня, тэрміны другога ўсталююць пасля кансультацыі з клубамі, якія прадставяць Беларусь у еўракубках, – берасцейскім і менскім „Дынама”, БАТЭ і „Шахцёрам”. Змены сталі магчымыя з-за каронавіруса, які парушыў запланаваны ход футбольнага сезона-2019/20 па ўсім свеце. У сувязі з гэтым ФІФА ідзе насустрач нацыянальным лігам.
16-гадовы брамнік „Ворсклы” адбіў тры пенальці і вывеў каманду ў фінал Кубка Украіны
„Ворскла” выйшаў у фінал Кубка Украіны. У матчы 1/2 фіналу палтаўчане ў серыі пенальці перамаглі „Марыупаль”. За хвіліну да канца другога дадатковага тайма настаўнік „Ворсклы” Юры Максімаў паўтарыў трук Луі ван Гала і правёў замену брамніка. На поле выйшаў 16-гадовы галкіпер Павел Ісенка. Тынэйджэр адбіў тры пасляматчавых пенальці і прынёс сваёй камандзе перамогу. У фінале „Ворскла” згуляе з кіеўскім „Дынама”.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: slavia.cz