Прэзентацыя новай формы футбольнай зборнай Беларусі



3 верасня ў 19.30 на пляцоўцы каля Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (г. Менск, вуліца Леніна, 20) „Арт Сядзіба” ладзіць прэзентацыю новай гульнявой формы галоўнай футбольнай каманды краіны.

Як паведамлялася раней, у якасці тэхнічнага партнёра АБФФ выступіць кампанія «Macron». Італьянскім вытворцам спартыўнай экіпіроўкі распрацаваны ўнікальны дызайн з выкарыстаннем нацыянальных элементаў.

У панядзелак увечары ўсе жадаючыя змогуць упершыню ўбачыць новыя камплекты хатняй і выязной формы, у якіх нацыянальная зборная Беларусі па футболе будзе праводзіць матчы розыгрышу Лігі нацый УЕФА, а таксама кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы УЕФА 2020 года.

Акрамя самой прэзентацыі пры падтрымцы крамы «Symbal.by» і культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзiба» для заўзятараў будзе падрыхтаваны шэраг актыўнасцяў, уключаючы вулічны тэатр, шоу бубначоў, аквагрым, выступы музычных гасцей, а таксама розныя конкурсы.

На мерапрыемстве ўсе жадаючыя змогуць набыць квіткі на бліжэйшыя матчы «белакрылых», а таксама новую футбольную атрыбутыку нацыянальнай зборнай. Па завяршэнні прэзентацыі адбудзецца аўтограф-сесія з удзелам гульцоў нацыянальнай каманды.

Беларускае Радыё Рацыя