Прэзідэнт УЕФА: Беларусь здольная арганізаваць Суперкубак



Беларусь здольная арганізаваць Суперкубак УЕФА на высокім роўні. Пра гэта заявіў журналістам прэзідэнт арганізацыі Александэр Чэферын.

Беларусь плануе падаць заяўку на правядзенне Суперкубка УЕФА 2022 года. Дэкларацыю пра зацікаўленасць у правядзенні гэтых спаборніцтваў беларуская федэрацыя падала 20 чэрвеня, тэрмін падачы афіцыйнай заяўкі заканчваецца ў канцы кастрычніка. Канчатковае рашэнне пра месца правядзення турніру УЕФА прыме вясной 2020 года.

Ірына Курачкіна выйграла бронзу на ЧС па барацьбе і заваявала алімпійскую ліцэнзію

У трэці дзень чэмпіянату свету па жаночай барацьбе, які праходзіць у Нур-Султане, Ірына Курачкіна (57 кг) заваявала бронзавы медаль і алімпійскую ліцэнзію. У паядынку за трэцяе месца Ірына Курачкіна, якая перамагла ў суцяшальнай сутычцы расейку Марыну Сіманян (19:8), не пакінула шанцаў польскай спартоўцы Ёвіце Вжэсень (4:0). Гэтая ўзнагарода пакуль адзіная для беларусаў на планетарным першынстве па барацьбе.

Аляксей Протас згуляе ў чацвёртым звяне „Вашынгтона” ў матчы з „Сэнт-Луісам”

Беларускі нападнік Аляксей Протас згуляе ў чацвёртым звяне „Вашынгтона” ў перадсезонным матчы з „Сэнт-Луісам”. Протас трапіў у адну тройку з Бекам Маленсцінам і Дамьенам Рыатам. Паядынак пачнецца ў 2.00 па беларускім часе. У першай перадсезоннай гульні з „Чыкага” Протас набраў 3 (1+2) ачкі і быў прызнаны першай зоркай.

Зборная Беларусі ўзнялася на 82-е месца ў футбольным рэйтынгу

Міжнародная федэрацыя футбола апублікавала новую версію рэйтынгу нацыянальных зборных. Зборная Беларусі паднялася на дзве пазіцыі і зараз займае 82-е месца. На першым месцы па-ранейшаму Бельгія, на другім месцы Францыя, трэцяя – Бразілія.

Федэрацыі хакея Беларусі і Латвіі абвясцілі пра старт конкурсу на распрацоўку талісмана ЧС-2021

Федэрацыі хакея Беларусі і Латвіі абвясцілі пра старт конкурсу на распрацоўку талісмана ЧС-2021, які пройдзе ў дзвюх краінах. Конкурс праводзіцца з 18 верасня па 18 кастрычніка 2019 года. Спецыяльнае журы вызначыць пераможцу конкурсу ў снежні бягучага года. Колькасць заявак на ўдзел не абмежавана. У лік тых, ад каго будзе залежаць канчатковае рашэнне, акрамя прадстаўнікоў нацыянальных хакейных федэрацый Беларусі і Латвіі ўвойдуць зоркі спорту і шоў-бізнэсу. Пераможца конкурсу атрымае камплект квіткоў на дзьве персоны на любыя 5 гульняў чэмпіянату, а таксама экскурсію на дзьве персоны на афіцыйнай арэне чэмпіянату перад адным з матчаў турніру.

Алег Дулуб афіцыйна пакінуў „Атыраў”

„Атыраў” на афіцыйным сайце паведаміў, што працоўная дамова з галоўным трэнерам футбольнага клуба, беларусам Алегам Дулубам скасавана па ўзаемнай згодзе бакоў. Часова выконваючым абавязкі галоўнага трэнера прызначаны Куаныш Кабдулаў. „Атыраў” прайграў апошнія пяць сустрэч у чэмпіянаце Казахстана і з 16 ачкамі ідзе перадапошнім у турнірнай табліцы.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik.by