Протас прызнаны найлепшым хакеістам Беларусі
Газета «Прессбол» упершыню з 2020-га года правяла традыцыйнае апытанне на найлепшага хакеіста Беларусі. Пераможцам стаў нападнік «Вашынгтона» Аляксей Протас, які ў мінулым сезоне НХЛ правёў 58 матчаў, закінуў 4 шайбы і аддаў 11 выніковых перадач. Таксама беларускі нападнік стаў уладальнікам Кубка Колдэра ў складзе фарм клуба «Кэпіталс» «Хёршы». Протас стаў 20-м прызнаным найлепшым беларускім хакеістам. Другім стаў былы форвард «Нью-Джэрсі» Ягор Шаранговіч, які некалькі тыдняў таму перайшоў у «Калгары». Топ-3 замкнуў былы нападнік мінскага «Дынама» Уладзімір Алістраў, які таксама змяніў клубную прапіску. У траўні форвард перайшоў у піцерскі СКА.
Кузняцоў падпісаў з «зубрамі» двухбаковы кантракт на два сезоны з
Нападнік Сяргей Кузняцоў падпісаў двухбаковы кантракт на два сезоны з менскім «Дынама». У мінулым сезоне ў КХЛ нападнік правёў 6 гульняў у рэгулярным чэмпіянаце і адну – у плэй-оф. А у чэмпіянаце Беларусі дапамог «Металургу» другі год запар стаць чэмпіёнам. Сумарна ў 53 матчах набраў 43 (27 16) ачкі. Прычым, з 9 галамі ў плэй-оф Кузняцоў стаў лепшым снайперам.
Таксама двухбаковы кантракт падпісаў нападнік Данііл Сацiшвілі. У мінулым сезоне форвард правёў у КХЛ дзве гульні, набраў 1 (1+0) ачко. У МХЛ у складзе «Дынама-Шыннік» у 51 гульні вызначыўся 65 (24+41) выніковымі баламі і стаў другім бамбардзірам лігі па выніках рэгулярнага чэмпіянату. Сaцiшвілі трапіў у сімвалічную зборную МХЛ. У чэмпіянаце Беларусі згуляў 6 матчаў плэй-оф за жлобінскі «Металург», набраўшы 1 (1+0) ачко.
Футбалісткі зборнай Беларусі перамаглі ўзбечак у спарынгу ў Барысаве
Футбалісткі зборнай Беларусі святкавалі валявую перамогу над камандай Узбекістана. У матчы ў Барысаве падначаленыя Юрыя Малеева адразу захапілі ініцыятыву, але лік адкрылі госці – на 21-й хвіліне вызначылася Азіза Нарбаева. Прапусціўшы мяч, беларускі зайгралі значна больш актыўней і чатыры разы забілі суперніцам. Галявы дубль аформіла Ганна Піліпенка, яшчэ па разе вызначыліся Мелана Сураўцава і Валерыя Белая – 4:1.
Другі спарынг беларускіх і ўзбекскіх футбалістак адбудзецца 17 ліпеня ў Баранавічах.
Трэнерскі штаб «Арсенала» пакінуў каманду ў поўным складзе
Дзяржынскі «Арсенал» аб’явіў пра раставанне са сваім трэнерскім штабам. Каманду пакінулі галоўны трэнер Сяргей Паўлюковіч і яго памочнікі Андрэй Гарбуноў і Аляксандр Шагойка.
Рашэнне пра спыненне супрацоўніцтва было прынятае кіраўніцтвам клуба. «Арсенал» у бягучым сезоне першай лігі займае першае месца. На старце сезона каманда выдала серыю з 10 перамог запар. Аднак у апошніх 4 матчах «пушкары» вікторый не святкавалі – 3 нічыі і адна параза. Раней, была інфармацыя пра фінансавыя праблемы «Арсенала». Узначаліць каманду можа беларускі спецыяліст Аляксандр Бразевіч. Пра гэта паведамляе sport5. Апошнім месцам працы Аляксандра Бразевіча быў «Слуцк».
У Яблонскага ёсць варыянты пераходу ў клубы з Венгрыі і Босніі і Герцагавіны
Беларускі паўабаронца Яўген Яблонскі напярэдадні пакінуў «Арыс». Як стала вядома Tribuna.com, футбаліст мае варыянты працягу кар’еры ў Венгрыі і Босніі і Герцагавіны. Ад некаторых футбаліст ужо адмовіўся з-за недастаткова добрых, на яго думку, фінансавых умоў. У сваім былым клубе Яблонскі зарабляў каля 15 тысяч даляраў у месяц. Футбаліст выступаў за «Арыс» са студзеня 2022 году. За час у клубе Яблонскі правёў 40 матчаў і выйграў чэмпіянат Кіпра.
Алькарас упершыню выйшаў у фінал Уімблдона
Іспанец Карлас Алькарас стаў другім фіналістам Уімблдонскага тэніснага турніру. У паўфінальным паядынку лідэр сусветнага рэйтынгу перайграў у трох партыях расіяніна Данііла Мядзведзева, які займае трэцяе месца, – 6:3, 6:3, 6:3. У вырашальным паядынку заўтра 20-гадовы Карлас Алькарас будзе супернічаць з 36-гадовым сербам Новакам Джокавічам, які ў першым паўфінале таксама ў трох партыях перамог італьянскага тэнісіста Яніка Сінэра – 6:3, 6:4, 7:6 (7:4). Для Алькараса гэта будзе першы фінал Уімблдона, а для Джокавіча – дзевяты, у сямі папярэдніх ён выходзіў пераможцам.
Беларускае Радыё Рацыя
