Псышчаніца выйграла «золата» маладзёжнага чэмпіяната Еўропы



Беларуская спартоўка Людміла Псышчаніца ў вагавай катэгорыі 55 кг заваявала залатую ўзнагароду на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Бухарэсце.

Беларуска паказала вынік  189 кг (83 + 106) у суме двубор’я і паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару.  Беларус Дзмітрый Іваноў у вазе 67 кг на юніёрскім кантынентальным форуме выступіць 21 кастрычніка. У Бухарэсце на юніёрскім і маладзёжным чэмпіянаце Еўропы ўдзельнічаюць каля 500 спартоўцаў з 40 краін. Абодва турніры ліцэнзійныя і даюць атлетам права зарабіць ачкі ў алімпійскі рэйтынг Токіо-2020.

Гандбалісткі „Гомеля” не змаглі прабіцца ў 3-ці кваліфікацыйны раунд розыгрышу Кубка ЕГФ

У першым хатнім паядынку 2-га раўнда кваліфікацыі гамяльчанкі саступілі дацкаму „Хёрнінгу” з лікам 21:33. У другім матчы чэмпіёнкі Беларусі ўзялі рэванш – 25:21, але для агульнай перамогі па суме дзвюх сустрэч гэтага не хапіла і „Гомель” завяршыў выступы ў Кубку ЕГФ. Віцэ-чэмпіёнкі Беларусі гандбалісткі „БНТУ-БелАЗа” ў гэтым сезоне згуляюць у розыгрышы Кубка выкліку. Першым супернікам падначаленых Канстанціна Шараварава ў трэцім па рангу кантынентальным турніры будзе іспанскі „Гранальерс”.

Беларусы пакуль без медалёў на чэмпіянаце Еўропы па веласпорце на трэку ў Нідэрландах

Беларускія спартоўцы  Яўген Каралёк і Раман Цішкоў занялі 13-е месца ў Мэдысане на чэмпіянаце Еўропы па веласпорце на трэку ў Нідэрландах. У жаночым Мэдысане беларускі Паліна Піваварава і Іна Савенка таксама завяршылі спаборніцтвы на 13-м радку выніковага пратаколу.  У гіце ў мужчын прадстаўнік Беларусі Уладзіслаў Новік завяршыў спаборніцтвы на 18-м месцы. У жаночым гіце беларускі не выступалі, а завяршылася ўсё трыумфам расеек.

Берасцейскае «Дынама» бліжэй да чэмпіёнства

Берасцейскае „Дынама” ўмацавала сваё лідарства ў чэмпіянаце Беларусі, перамогшы футбалістаў „Слуцка” з лікам 3:2. У хатнім матчы 25-га тура берасцейцы сустрэлі ўпарты супраціў і на 14-й хвіліне апынуліся ў ролі даганяючых, прапусціўшы мяч ад Арцёма Дудзіка. Толькі пасля перапынку гаспадары змаглі пераламіць ход паядынку, забіўшы 3 мячы запар. Галы ў свой актыў запісалі Сяргей Крывец, Сяргей Кісляк і Аляксей Хабленка. Перад фінальным свістком госці адказалі голам Ягора Сямёнава. Асноўныя канкурэнты „Дынама” страцілі ачкі ў паядынках 25-га тура. Барысаўскі БАТЭ на сваім полі згуляў унічыю з „Гомелем” – 1:1, а салігорскі „Шахцёр” і зусім прайграў у Магілёве мясцоваму клубу „Дняпро” з лікам 0:2. Абодва мячы ў актыве сербскага паўабаронцы магілёўскай дружыны Зорана Марушыча, які вызначыўся ў апошняй дзесяціхвілінцы гульні. Такім чынам, адрыў берасцейцаў ад найбліжэйшых пераследнікаў футбалістаў БАТЭ складае ўжо 7 ачкоў. У  іншых сустрэчах 25-га тура: „Дынама” (Менск) саступіла на хатняй арэне „Віцебску” – 0:2, „Тарпеда-БелАЗ” прайграла  „Іслачы” – 1:3, а „Славія” саступіла гарадзенскаму „Нёману”  – 0:1. У апошнім матчы 25-га тура сёння „Гарадзея” на сваім полі сустрэнецца з менскім „Энергетыкам-БДУ”.

«Ліверпуль» страціў першыя ачкі ў матчы з «МЮ»

«Манчэстар Юнайтэд» згуляў унічыю з «Ліверпулем» у матчы 9-га тура чэмпіянату Англіі. Сустрэча праходзіла ў Манчэстэры на стадыёне «Олд Трафард» і завяршылася з лікам 1:1. Аўтарам першага гола ў матчы стаў форвард «чырвоных д’яблаў» Маркус Рашфард. На 85-й хвіліне лік зраўняў Адам Лалана.  «Ліверпуль» страціў першыя ачкі ў сезоне. Нягледзячы на гэта, чырвоныя працягваюць упэўнена лідзіраваць у турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: weightlifting.by