„Ралан гарос”: дзве беларускі выбылі, дзве стартуюць
Няўдала пачаўся тэнісны „Ралан гарос” для беларускіх прадстаўніц. Аляксандра Сасновіч і Вера Лапко пакідаюць адзіночны турнір ужо пасля першых матчаў. Прычым, наракаць на цяжкае лёсаванне абедзвюм не даводзілася – Аляксандра і Вера сустракаліся з менш рэйтынгавымі суперніцамі.
Вера Лапко чарговы раз засмуціла сваіх прыхільнікаў. 102-я ракетка планеты ўмудрылася прайграць ажно 457-й – 16-гадовай францужанцы Дыяне Пэры – 2:6, 4:6. Большыя каментары тут не патрэбныя.
34-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч сустракалася з прадстаўніцай Аўстрыі Палонай Херцаг, 71-й ракеткай свету. Матч быў працяглам і нават пераносіўся на наступны дзень. А ў выніку беларуска саступіла ў трох сетах – 6:4, 2:6, 6:8.
Сёння, 28 траўня, на корт выйдуць яшчэ дзве беларускі. І суперніцы ў іх куды больш тытулаваныя. Вікторыя Азаранка (43-я ракетка) пазмагаецца з прадстаўніцай Латвіі Алёнай Астапенкай (39-я ракетка). А Арына Сабаленка (11-ы нумар рэйтынгу) будзе гуляць з славачкай Дамінікай Цыбулкавай (41-ы нумар).
Беларускае Радыё Рацыя