Раман Грабарэнка перайшоў у чэшскі „Усецін”



Беларускі абаронца Раман Грабарэнка перайшоў у чэшскі „Усецін”. У мінулым сезоне хакеіст правёў 9 матчаў за „Нафтахімік” у Кантынентальнай хакейнай лізе і набраў 2 (1+1) ачкі. З 2018 па 2020 гады абаронца выступаў за чэшскія клубы „Літвінаў” і „Білі Тыгржы”. „Усецін” пасля 16-ці матчаў займае трэцяе месца ў другім дывізіёне чэмпіянату Чэхіі.

Абаронца „Адмірала” Даніла Паліўка выкліканы ў зборную Беларусі

Абаронца „Адмірала” Даніла Паліўка выкліканы ў зборную Беларусі, каб прыняць удзел у навучальна-трэніровачных зборах і ў „Турніры чатырох нацый”, які пройдзе ў славенскім Ясеніцы, — паведамляе афіцыйны сайт клуба. З 11 па 13 лістапада зборная Беларусі ў Славеніі згуляе з камандай гаспадароў, а таксама са зборнымі Францыі і Аўстрыі.

Крыштыяну Раналду — першы за 18 гадоў гулец „МЮ”, які забіў у чатырох запар матчах Лігі чэмпіёнаў

У аўторак „Манчэстэр Юнайтэд” згуляў унічыю з „Аталантай” — 2:2 — у матчы 4-га тура групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў. Галявым дублем вызначыўся нападнік ангельскага клуба Крышціяну Раналду. Па дадзеных Opta, партугалец стаў першым футбалістам „МЮ” з красавіка 2003 года, які забіў у чатырох сустрэчах ЛЧ запар. 18 гадоў таму Рууду ван Ністэлрою ўдалося вызначыцца за „Юнайтэд” у дзевяці матчах лігі чэмпіёнаў запар.

Двухразовая чэмпіёнка „Вялікіх шлемаў” Шуай Пэн абвінаваціла былога віцэ-прэм’ера Кітая ў сэксуальным гвалце

Скандал у Кітаі. Двухразовая чэмпіёнка парных „Вялікіх шлемаў” тэнісістка Шуай Пэн абвінаваціла ў сэксуальным гвалце былога віцэ-прэм’ера Кітая Чжана Гаалі. 2 лістапада яна зрабіла заяву на сваёй афіцыйнай старонцы ў кітайскай сацсетцы Weibo, але неўзабаве пост быў выдалены. Пасля гэтага быў заблакаваны пошук па яе імені і па слове „тэніс”. У пасце Пэн распавяла, што чыноўнік напаў на яе больш за 10 гадоў таму і яны доўгі час не бачыліся. Каля трох гадоў таму, ужо калі Чжан выйшаў у адстаўку, ён запрасіў Пэн пагуляць у тэніс з ім і яго жонкай, а затым на абед у іх дома. Там ён зноў прымусіў Пэн заняцца з ім сексам. У выніку Пэн пагадзілася на раман з Чжанам, які працягваўся да нядаўняга часу. У пасце Пэн прызнае, што не зможа прадставіць доказы абвінавачанняў. Чжан у прыватнасці баяўся, што Пэн можа запісваць іх сустрэчы.

Беларускае Радыё Рацыя